Марк Аній Фларыян | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Marcus Annius Florianus | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Тацыт | ||||||
Пераемнік | Проб | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
19 жніўня 232[1] |
||||||
Смерць |
276 Тарсус |
||||||
Веравызнанне | старажытнарымская рэлігія | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Марк Аній Фларыян[2] (лац.: Marcus Annius Florianus), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Фларыян, — рымскі імператар, які кіраваў у 276 годзе.
Меў тытул «Бацька Бацькаўшчыны»[3].
У крыніцах утрымліваецца вельмі бедная інфармацыя пра жыццё і кіраванне Фларыяна. У «Гісторыі Аўгустаў » некалькі раз згадваецца, што ён быў родным братам імператара Марка Клаўдзія Тацыта[4][5]. Аднак у адным урыўку расказваецца, што Фларыян з’яўляўся зводным братам Тацыта па маці[6]. Гэта больш падобна на праўду, бо радавыя імёны ў іх розныя[3][7]. Некаторыя гісторыкі, такія як Рональд Сайм , зусім паддаюць сумневу існаванне якой-небудзь роднаснай сувязі паміж Тацытам і Фларыянам. Пры гэтым Сайм абапіраецца на грэчаскія крыніцы[8].
Пасля ўзыходжання на пасад Тацыт прызначыў Фларыяна на пасаду прэфекта прэторыя і адправіўся разам з ім у паход супраць готаў, якія пераплылі праз Чорнае мора, уварваліся ў малаазіяцкія правінцыі і дайшлі да Кілікіі[9][3]. Фларыян паспяхова ваяваў з праціўнікам і здолеў адрэзаць яму ўсе шляхі да адступлення. Аднак у гэты час да яго прыходзяць весткі пра смерць Тацыта[3]. Тады прэфект прэторыя абвясціў сябе імператарам, па паведамленні «Гісторыі Аўгустаў», «не па волі сената, а па ўласным падахвочванні»[10]. Але Пат Сазерн лічыць, што Фларыян узышоў на прастол, узгадніўшы свае дзеянні з сенатам[11]. Робін Мак-Махон мяркуе, што ўсе скаргі «Гісторыі Аўгустаў» на дзеянні Фларыяна ў адносінах да сената з’яўляюцца надуманымі[7]. На манетах, адчаканеных у кіраванне Фларыяна, утрымліваецца легенда SC, якая сведчыць аб наданні сенату паўнамоцтваў кляпаць манету[7]. Па ўсёй верагоднасці, абвяшчэнне Фларыяна імператарам адбылося ў Кілікіі, па іншых звестках — у Рыме[9].
Напэўна, некаторы час Фларыян кіраваў цалкам удала, бо яго імя ўтрымліваецца на манетах заходніх манетных двароў, размешчаных у Рыме, Лугдуне, Сісцыі і Тыцыне[7]. Яго прызналі ў якасці гасудара Іспанія, Брытанія, Галія, Маўрэтанія і Афрыка[11]. Аднак неўзабаве ўсходняе войска абвясціла імператарам свайго палкаводца Проба, якога падтрымалі правінцыі Сірыя і Егіпет[7]. Фларыян, які працягваў вайну з варварамі ў Малой Азіі, быў змушаны завяршыць баявыя дзеянні, хоць цалкам атачыў варожыя атрады[12]. Імператар выступіў супраць Проба, разлічваючы, відаць, на лікавую перавагу сваёй арміі[7]. Непадалёк ад Тарсуса праціўнікі сустрэліся, але дасведчаны Проб імкнуўся ўнікаць генеральнай бітвы[7]. У сувязі з тым, што вялікая частка войска Фларыяна складалася з выхадцаў з еўрапейскіх правінцый, многія салдаты не вытрымлівалі гарачага клімату і пачалі хварэць[13]. Вырашыўшы, што з іх хопіць нягод, праз некалькі тыдняў ваяры забілі Фларыяна[9]. Што тычыцца працягласці кіравання Фларыяна, крыніцы разыходзяцца. Хранограф 354 года паведамляе пра 88 дзён[14], Еўтропій — аб 2 месяцах і 20 днях[15], а Аўрэлій Віктар пісаў аб адным або двух месяцах[16]. Аўтары Prosopographia Imperii Romani называюць даты 7 чэрвеня — 9 верасня 276 года[17]. Як піша «Гісторыя Аўгустаў», у Фларыяна было шмат дзяцей[18].
Нягледзячы на непрацягласць кіравання Фларыяна, яго манеты дзівяць сваёй разнастайнасцю. На адных утрымліваюцца выявы і надпісы, што славяць ваярскую адвагу Фларыяна (лац.: VIRTVS FLORIANI AVGusti). Іншыя завуць яго «Прымірыцелем Свету» (лац.: PACATOR ORBIS) і «Вызвольнікам Стагоддзя» (лац.: RESTITVTOR SAECVLI). Некаторыя манеты заяўляюць, што гасудару будуць вечна спадарожнічаць перамогі (лац.: VICTORIA PERPETVA). Падводзячы вынікі, можна сказаць, што ўсё яны ўтрымліваюць надзеі на будучы залаты век, які прыйдзе дзякуючы імператару[7]. У адным надпісе[19] згадваецца пра консульства Фларыяна, якое адносяць да 276 года[20]. Паведамленні «Гісторыі Аўгустаў» пра тое, што Тацыту не дазволілі прызначыць Фларыяна консулам, здаюцца ненадзейнымі[20].