Фліндэрс | |
---|---|
англ. Flinders | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 1 333 км² |
Найвышэйшы пункт | 756 м |
Насельніцтва | 833 чал. (2016) |
Шчыльнасць насельніцтва | 0,62 чал./км² |
Размяшчэнне | |
40°00′ пд. ш. 148°07′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Басаў праліў |
Краіна | |
Рэгіён | Тасманія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Фліндэрс (англ.: Flinders Island) — востраў у праліве Баса, які ляжыць за 20 км на паўночны ўсход ад вострава Тасманія. Найбуйнейшы востраў у групе астравоў Фюрно. Уваходзіць у склад штата Тасманія. Плошча вострава — каля 1333 км². Найвышэйшы пункт — гара Стшалецкага (756 м). Найбуйнейшыя населеныя пункты — Уайтмарк (англ.: Whitemark) і Лэдзі-Бэран (англ.: Lady Barron).
Насельніцтва (2016 г.) — 833 чалавекі[1].
У геалагічнай будове вострава Фліндэрс пераважаюць горныя хрыбты, якія складзены з гранітных парод і займаюць трэць усяго вострава. Найбольш буйныя з іх — града Стшалецкага (англ.: Strezelecki Range), Дарлінг (англ.: Darling Range), гара Кілікрэнкі (англ.: Mount Killiecrankie) і Патрыярх (англ.: The Patriarchs).
Прыкладна палова вострава ўяўляе сабою прыбярэжныя выдмы з роднаснымі глебавымі адкладамі, якія фармуюць раўніну ва ўсходняй частцы вострава Фліндэрс і вузкую паласу на заходнім узбярэжжы. У шматлікіх нізінных месцах са мноствам лагун можна знайсці эстуарыевыя пласты з пяску, гліны і галькі. Найвышэйшы пункт вострава Фліндэрс — гара Стшалецкага (756 м). Іншыя пікі дасягаюць вышыні 400 м.
Мноства невялікіх рачных струменяў, якія бягуць у бок берага, утвараюць пераважны малюнак гідраграфічнай сеткі. Найбуйнейшыя рэкі, якія бяруць пачатак у сельскагаспадарчых землях, цякуць у бок усходняга ўзбярэжжа і ўпадаюць у чатыры вузкія марскія залівы. Шматлікія рэкі з’яўляюцца толькі пасля моцных дажджоў, што звязана з маленькай даўжынёй рэк і крутасцю мясцовасці, па якой яны цякуць.
Уздоўж усходняга берага вострава Фліндэрс размешчана мноства прыбярэжных лагун.
Клімат марскі мяккі. Найбольш цёплы месяц — люты, калі тэмпература трымаецца каля +22,7 °C. У ліпені яна паніжаецца да +13,4 °C, вядомы выпадкі замаразкаў да −3,5 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 743,7 мм.
З-за рознай колькасці ападкаў, вышыннасці, геалагічнай будовы і ландшафту на астравах вялікая разнастайнасць глеб і формаў расліннасці. Уздоўж прыбярэжных выдмаў пераважаюць глебы з вялікім утрыманнем вапны, на якіх растуць нізкарослыя хмызнякі і нізінныя дрэвы. На мяккахвалістых раўнінах у заходняй частцы вострава пераважае монафракцыённы пясок і неаднастайныя глебы, на якіх растуць эўкаліпты.
Востраў Фліндэрс знакаміты мноствам рэдкіх відаў птушак. Цэнтральная і ўсходняя часткі вострава абвешчаны тэрыторыямі, важнымі для птушак, створаны асаблівы ахоўваемы рэжым.
У канцы верхняга палеаліта Фліндэрс быў населены продкамі абарыгенаў, аднак каля 6000 — 4000 гадоў таму карэннае насельніцтва знікла па невядомых прычынах.
У 1773 г. востраў быў адкрыты чальцамі экспедыцыі Дж. Кука. У 1798 г. на ім высадзіўся брытанскі мараплавец М. Фліндэрс, у гонар якога была дадзена сучасная назва. З канца XVIII ст. тут часова сяліліся паляўнічыя на кітоў.
У 1830—1847 гг. на востраве дзейнічала станцыя, дзе былі паселены абарыгены Тасманіі. Хаця пасля закрыцця станцыі абарыгены былі зноў пераселены ў Тасманію, 16 % сучасных астравіцян лічаць іх сваімі продкамі. З канца XIX ст. на Фліндэрсе сяліліся мігранты з Тасманіі еўрапейскага паходжання. У 1903 г. быў створаны асобны муніцыпалітэт.
У нашы дні насельніцтва займаецца сельскай гаспадаркай і абслугоўваннем турыстаў.