Фрамбезія | |
---|---|
![]() Вузялкі на локці, выкліканыя бактэрыяльнай інфекцыяй Treponema pallidum pertenue | |
МКХ-11 | 1C1D |
МКХ-10 | A66. |
МКХ-10-КМ | A66 і A66.9 |
МКХ-9 | 102 |
МКХ-9-КМ | 102.9[1][2], 102[1][2] і 102.7[2] |
MedlinePlus | 001341 |
MeSH | D015001 |
![]() |
Фрамбезія (таксама вядомая пад назвамі трапічная фрамбезія, трапічная поліпапілома, трапічны сіфіліс[3] і невенерычны сіфіліс[4]) — трапічная інфекцыя скуры, касцей і суставаў, якая выклікаецца бактэрыямі спірахеты Treponema pallidum pertenue.[5][6] Хвароба пачынаецца са з’яўлення круглай, цвёрдай пухліны на скуры, дыяметрам ад 2 да 5 сантыметраў.[6] Скура можа прарвацца ў цэнтры з утварэннем язвы.[6] Гэтае пачатковае пашкоджанне скуры звычайна загойваецца за перыяд ад трох да шасці месяцаў.[7] Праз некаторы час (некалькі месяцаў ці гадоў) могуць пачаць балець суставы ці косці, узнікнуць слабасць, з’явіцца новыя пашкоджанні скуры.[6] Скура на далонях рук і пятках можа ўшчыльніцца і парэпацца.[7] Магчымая дэфармацыя касцей (асабліва касцей носа).[7] Праз пяць гадоў пасля захворвання ці пазней могуць з’яўляцца вялікія вобласці змярцвелай скуры з далейшым узнікненнем рубцоў.[6]
Фрамбезія перадаецца праз непасрэдны кантакт з вадкасцю з ран інфікаванай асобы.[7] Кантакт звычайна мае несексуальны характар.[7] Хвароба найчасцей сустракаецца сярод дзяцей, якія распаўсюджваюць захворванне падчас сумесных гульняў.[6] Іншыя хваробы, якія выклікаюцца трэпанэмамі — беджэль (Treponema pallidum endemicum), пінта (Treponema pallidum carateum) і сіфіліс (Treponema pallidum pallidum).[7] Фрамбезія часта дыягназуецца па з’яўленні пашкоджанняў.[7] Тэсты крыві на антыцелы могуць быць карыснымі, але не даюць магчымасці адрозніць мінулую інфекцыю ад сучаснай.[7] Палімеразная ланцуговая рэакцыя (ПЛР) з’яўляецца найбольш дакладным спосабам дыягностыкі.[7]
Прафілактыка захворвання часткова ажыццяўляецца шляхам лячэння хворых асоб для зніжэння рызыкі заражэння.[7] У месцы распаўсюджвання захворвання мера эфектыўная для ўсяго насельніцтва.[7] Удасканаленне санітарна-гігіенічных умоў таксама зніжае маштаб распаўсюджвання хваробы.[7] Лячэнне праводзіцца з дапамогай антыбіётыкаў, у тым ліку прымяняюцца: азітраміцын пераральна ці ін’eкцыі бензацын-пеніцыліну.[7] Без лячэння фізічная дэфармацыя адбываецца ў 10 % выпадкаў.[7]
Фрамбезія сустракалася мінімум у 14 трапічных краінах у 2012 г.[6][7] Хвароба распаўсюджваецца толькі сярод людзей.[7] У 1950-1960-х гг. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) амаль знішчыла фрамбезію.[7] З тае пары колькасць выпадкаў вырасла, СААЗ спрабуе знішчыць хваробу да 2020 г.[7] Паводле апошняй ацэнкі, інфікавана больш за 500 000 у 1995 г.[5] Нягледзячы на тое, што адно з першых апісанняў хваробы было зроблена ў 1679 г. Вілемам Пізо, археалагічныя знаходкі сведчаць, што фрамбезія прысутнічала сярод людзей ужо 1,6 млн гадоў таму.[6]
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)