Французская новая хваля (фр.: La Nouvelle Vague) — мастацкі кірунак у кінематографе Францыі канца 1950-х — сярэдзіны 1960-х гадоў, які характарызаваўся адмовай ад традыцыйных падыходаў кінавытворчасці на карысць даследавання новага і барацьбы са старымі парадкамі. Кінематаграфісты новай хвалі выпрабоўвалі новыя падыходы да мантажу, візуальнага стылю і апавядання, а таксама да ўзаемадзеяння з сацыяльнымі і палітычнымі ўзрушэннямі іхняга часу, часта выкарыстоўваючы пры гэтым іронію і ўздымаючы экзістэнцыяльныя тэмы. Французскую новую хвалю часта лічаць адным з самых уплывовых рухаў у гісторыі кіно.
Паняцце было ўпершыню выкарыстана групай французскіх кінакрытыкаў і сінефілаў, звязаных з часопісам Cahiers du cinéma на мяжы 1950-х і 1960-х гадоў[1]. У далейшым галоўнымі стваральнікамі Новай хвалі стануць «янычары» з часопіса Cahiers du cinéma (у тым ліку Жан-Люк Гадар, Франсуа Труфо, Клод Шаброль, Эрык Рамер, Жак Рывет), а таксама групоўка з Левага берагу (Ален Рэнэ, Аньес Варда, Луі Маль, Жак Дэмі, Жорж Франжу)[2]. Каталізатарам кірунку стала рэформа французскай кінематаграфічнай індустрыі ў выглядзе дзяржаўнага патранажу (прэмія за якасць) і змена дыскурсу ў колах мастацтва кіно. Важным стала ўспрыманне рэжысёра як асобнага ад іншых відаў мастацтваў аўтара, які для выяўлення карыстаецца кінематаграфічнымі сродкамі, на гэта моцна аказала моцны ўплыў пазіцыя часопіса Cahiers du cinéma.
Пачынаючы з сезона 1959/1960, калі камерцыйны і мастацкі поспех займелі такія фільмы як «Кузэны» Шаброля, «Чатырыста ўдараў» Труфо, «На апошнім дыханні» Гадара, «Хірасіма, любоў мая» Рэнэ, кірунак набіраў папулярнасць, спрыяючы нараджэнню падобных кірункаў у іншых краінах. Нягледзячы на тое, што Французская новая хваля скончылася прыкладна ў 1965 годзе праз зніжэнне цікавасці гледачоў і крытыкаў, яе ўплыў распаўсюдзіўся на іншыя рухі, такія як амерыканскі Новы Галівуд і дацкая Догма 95.