Фрэманцкая культура

Фрэманцкая культура
Лясны перыяд у Паўночнай Амерыцы
Гліняныя антрапаморфныя фігуры
Геаграфічны рэгіён Паўночная Амерыка
Лакалізацыя ЗША
Датаванне 1 стагоддзе13 стагоддзе
Носьбіты індзейцы
Тып гаспадаркі земляробства, паляванне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фрэ́манцкая культура (англ.: Fremont culture) — археалагічная культура на захадзе ЗША. Займала вобласць на плато Каларада ў I — XIII стст. н. э.

Носьбіты фрэманцкай культуры з’яўляліся ў першую чаргу паляўнічымі і збіральнікамі, але таксама ведалі ручное земляробства, вырошчвалі кукурузу. Археолагі мяркуюць, што культура ўзнікла ў выніку кантактаў папярэдняга паляўнічага насельніцтва з мігрантамі з поўдню, дзе развівалася больш прыкметная культура старажытных пуэбла. Са з’яўленнем мігрантаў лук і стрэлы змянілі архаічныя лёгкія дзіды, што станоўча паўплывала на паляванне. Акрамя таго, распаўсюдзіліся керамічныя вырабы, таркі са шліхтаваных камянёў для апрацоўкі кукурузы, складаныя кошыкі, плеценыя з некалькіх відаў расліннай сыравіны.

Грамадства было прадстаўлена колькасна невялікімі абшчынамі. Фрэманцы будавалі зямлянкавыя жытлы, якія накрывалі галлём і камянямі. Вядомы каменныя пабудовы на вузкіх скалістых выступах. Іх лічаць адрынамі для захавання збожжа. У адрозненне ад старажытных пуэбла, што хадзілі ў сандалях, фрэманцы апраналі макасіны. Кераміка мела шэры колер, гладкую паліраваную паверхню ці гафраваныя ўзоры.

Носьбіты культуры знакаміты як выдатныя мастакі. Яны стварылі шматлікія петрогліфы і гліняныя антрапаморфныя фігуры з вельмі выразнымі рысамі. Іх прызначэнне не вядома.

Знікненне культуры звычайна звязваюць з кліматычнымі зменамі, што перашкаджалі земляробству.