Фрэнсiс Легат Шантры | |
---|---|
англ.: Francis Leggatt Chantrey | |
![]() Аўтапартрэт; прыкладна 1810 | |
Дата нараджэння | 7 красавіка 1781 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 лістапада 1841 (60 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Падданства |
![]() |
Грамадзянства | |
Маці | Sarah Chantrey (née Leggatt)[d] |
Жонка | Mary Ann Wale[d] |
Род дзейнасці | мастак, скульптар |
Жанр | скульптар |
Уплыў на | John Francis[d][1] |
Член у | |
Узнагароды |
![]() член Лонданскага каралеўскага таварыства[d] |
![]() |
Фрэнсіс Легат Шантры (англ.: Francis Leggatt Chantrey) — брытанскі скульптар геаргіянскай эры, які паводле «завяшчання Шантры» (Chantrey Bequest), або «Фонда Шантры» (Chantrey Fund), пакінуў сваю маёмасць для развіцця мастацкага здабытку нацыі.
Шантры нарадзіўся ў Нортане, побач з Шэфілдам (калі той быў часткай Дэрбішыра), дзе ў яго бацькі, цесляра, была маленькая ферма. Яго бацька памёр, калі Шантры было 12[2]; яго маці выйшла замуж ізноў, пакінуўшы сына без выразна вызначанай прафесіі. У 15 гадоў, калі ён працаваў бакалейшчыкам у Шэфілдзе, ён убачыў узоры разьбы па дрэве і папрасіўся ў навучанне да цесляра, пасля чаго быў змешчаны да містэра Рамсея (Mr Ramsay), разьбяра і пазалотніка. Якасць яго прац было заўважана Джонам Рафаэлем Смітам, выдатным мастаком і гравёрам, які даў яму ўрокі жывапісу[3]. У 1802 годзе Шантры сам заплаціў 50 фунтаў стэрлінгаў, каб выкупіць сябе з вучнёўства ў Рамсея (якому ён служыў усяго 6 месяцаў), і заснаваў уласную студыю для партрэтнага жывапісу ў Шэфілдзе, што дазволіла яму назапасіць грошы і перабрацца ў Лондан.
Шантры атрымаў працу асістэнта разьбяра па дрэве, але ў той жа час прысвяціў сябе партрэтнаму жывапісу, стварэнню бюстаў і мадэляванню ў гліне. Ён правандроўнічаў у Дублін, дзе моцна захварэў і страціў усе валасы[2]. Затым ён вярнуўся ў Лондан і выстаўляў свае карціны на выставах Каралеўскай акадэміі на працягу некалькіх гадоў, пачынаючы з 1804 года, але з 1807 прысвяціў сябе пераважна скульптуры. Скульптар Джозэф Нолкенс (Joseph Nollekens) адзначаў якасць яго прац. У 1807 годзе Шантры ажаніўся са сваёю стрыечнай сястрой, міс Эн Вейл (Ann Wale)[3], у якой была свая некаторая маёмасць. Першай творчай скульптурай сярод работ Шантры была галава Сатаны, якая выстаўлялася ў Каралеўскай Акадэміі ў 1808 годзе. Пасля гэтага ён выканаў для Грынвіцкага шпіталя чатыры вялізныя бюсты адміралаў Адама Дункана, Рычарда Хаў, Джона Джэрвіса і Гарацыя Нэльсана, і чуткі так хутка зрабілі яму рэпутацыю, што наступны бюст, які ён выканаў — Джона Хорна Тука, — прынёс яму 2000 фунтаў стэрлінгаў.
З гэтага часу Шантры практычна бесперапынна займаўся аплатнай работай. У 1819 годзе ён пабываў у Італіі і пазнаёміўся там з самымі выбітнымі скульптарамі Фларэнцыі і Рыма. Ён быў абраны ў асацыяцыю (у 1815 годзе), а потым і ў члены (у 1818 годзе) Каралеўскай акадэміі, атрымаў ступень магістра ў Кембрыджы, ступень доктара (Doctor of Civil Law) ў Оксфардзе, і ў 1835 годзе быў прысвечаны ў рыцары. Ён памёр пасля хваробы працягласцю ў 2 гадзіны, на працягу некалькіх гадоў да гэтага пакутуючы ад хваробы сэрца, і быў пахаваны ў магіле, спраектаванай ім жа ў царкве свайго роднага сяла ў Дэрбішыры (цяпер у Шэфілдзе).
Шантры стварыў мноства прац. Асноўнымі з іх з’яўляюцца статуя Джорджа Вашынгтона ў Бостане (Масачусэтс), Георга III у лонданскім Гайдхоле, Уільяма Піта-малодшага на Гановер Сквер ў Лондане, Джэймса Вата ў Вестмінстэрскім абацтве, Уільяма Роскаў і Джона Дальтона ў Манчэстарскай ратушы, і так далей, аднак найлепшай лічыцца мармуровая скульптура «Дзеці, якія спяць», размешчаная ў Лічфілдскім саборы. Гэта не адзіны царкоўны помнік скульптара; у 1826 годзе, напрыклад, ён афармляў мемарыял у Каване для графа Фарнхама[4]. У Музеі і мастацкай галерэі Дэрбі захоўваецца незвычайны бюст Уільяма Страта, а ў царкве Снэйта размешчаны характэрны помнік Джону Доўнэю (John Dawnay)[5].
31 снежня 1840 г. Шантры, у якога не было дзяцей, завяшчаў усю сваю рухомую маёмасць, якая застанецца пасля яго скону або пасля другога шлюбу яго ўдавы, у давернае кіраванне прэзідэнта і папячыцеляў Каралеўскай акадэміі мастацтваў (ці, у выпадку роспуску Акадэміі, ва ўпраўленне грамадству, якое зойме яе месца); прыбытак павінен быў быць накіраваны на заахвочванне развіцця выяўленчых мастацтваў Вялікабрытаніі і на куплю твораў мастацтваў гэтакай высокай якасці, якая толькі можа быць знойдзена. Фонды могуць назапашвацца не больш за пяць гадоў, і могуць быць набыты працы брытанскіх або замежных мастакоў, жывых або мёртвых, калі работы былі выкананы ў Вялікабрытаніі ці ў яе берагоў. Цэны павінны быць «ліберальнымі», і набыццё работ павінна ажыццяўляцца выключна на падставе асабістых заслуг мастака, і ні ў якім выпадку не па прычыне добрага стаўлення да мастака або яго сям’і. Усе работы павінны быць завершаны да пакупкі.
Лэдзі Шантры памерла ў 1875 годзе, і праз два гады фонд пачаў працу. Першапачаткова для размяшчэння работ была абраная галерэя Музея Вікторыі і Альберта, а затым калекцыя была перададзена ў Нацыянальную галерэю. У 1888—1889 гадах прайшлі суды, на якіх прапаноўвалася аплачваць работы скульптараў, якія зрабілі злепкі ў гіпсе або воску, каб даць ім сродкі для завяршэння работ у бронзе ці мармуры, але суд пастанавіў, што гэта было б парушэннем завяшчання.
Да 1905 года ўключна былі набытыя 203 працы — усе, акрамя дзвюх, у жывых мастакоў — па кошце каля £ 68,000. З іх 175 былі малюнкамі, выкананымі маслам, 12 — акварэлямі і 16 — скульптурамі (10 у бронзе і 6 у мармуры).
Фонд працягвае быць актыўным і ў наш час[6].