Фрэоны

Фрэоны або хладоны — тэхнічная назва насычаных фторзмяшчальных вуглевадародаў (некаторыя змяшчаюць таксама атамы хлору і брому).

Вырабляюць фтарыраваннем хлор- ці бромпарафінаў фторам, фтарыдамі металаў і інш. У сувязі з уплывам на стратасферны азон прамысловая вытворчасць некаторых фрэонаў забаронена або абмежавана.

Выкарыстоўваюцца як холадагенты ў халадзільных агрэгатах, прапеленты для аэразоляў, пораўтваральнікі ў вытворчасці пенапластаў, інертныя растваральнікі і інш.

Фізічныя ўласцівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Газападобныя і вадкія рэчывы. Добра раствараюцца ў арганічных растваральніках, некаторыя ўтвараюць крышталегідраты.

Хімічныя ўласцівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Негаручыя, выбуховабяспечныя, хімічна інертныя. Пры ўльтрафіялетавым апраменьванні ў прысутнасці атамарнага кіслароду разбураюцца з утварэннем радыкалаў, якія дыспрапарцыянуюць да фторкарбанільных злучэнняў, галагенаў і іншых; хлорзмяшчальныя фрэоны (холадагенты) вылучаюць атамарны хлор, які ўзаемадзейнічае з атмасферным азотам.

Малатаксічныя. ГДК (Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя) — 1000-3000 мг/м³.