Фёдар Іванавіч Фёдараў | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 чэрвеня 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 кастрычніка 1994 (83 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Янка Маўр |
Род дзейнасці | навуковец, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | фізіка і тэарэтычная фізіка[1] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар фізіка-матэматычных навук |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Уладзімір Аляксандравіч Фок |
Вядомыя вучні | Барыс Васільевіч Бокуць, Андрэй Маркавіч Ганчарэнка, Барыс Барысавіч Бойка і Ігар Сяргеевіч Сацункевіч |
Прэміі | |
Узнагароды |
Фёдар Іванавіч Фёдараў[2] (19 чэрвеня 1911, в. Турэц, Мінская губерня цяпер Карэліцкі раён — 13 кастрычніка 1994, Мінск — беларускі фізік-тэарэтык, адзін тых, хто распачаў беларускую тэарэтычную фізіку. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 1966 года), Герой Сацыялістычнай Працы (1978).
Нарадзіўся ў сям’і Янкі Маўра ў мястэчку Турэц Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1931 годзе, пасля чаго працаваў выкладчыкам педагагічнага тэхнікума ў горадзе Крычаў. У 1933 годзе накіраваўся ў Ленінград у аспірантуру. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Прымяненне метаду функцыяналаў у пэўных пытаннях тэорыі выпраменвання», якую ён напісаў пад кіраўніцтвам акадэміка АН СССР У. А. Фока. Адразу пасля гэтага становіцца дацэнтам на фізічным факультэце БДУ. У 1938 годзе ініцыяваў утварэнне кафедры тэарэтычнай фізікі на фізічным факультэце БДУ і сам яе ўзначаліў. З 1943 да 1950 года быў дэканам фізічнага факультэта.
У 1954 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Інварыянтныя метады ў оптыцы анізатропных асяроддзяў». У 1955 годзе ўзначаліў лабараторыю тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР. Быў рэдактарам фізіка-матэматычнай серыі часопіса «Весці АН БССР», уваходзіў у рэдакцыі ўсесаюзных часопісаў «Журнал прикладной спектроскопии» і «Дифференциальные уравнения».
Навуковыя працы па крышталяоптыцы, тэорыі пругкіх хваль у крышталях, фізіцы элементарных часціц, квантавай тэорыі поля, тэорыі гравітацыі.
Пабудаваў тэорыю аптычных уласцівасцей магнітных і паглынальных крышталёў, развіў каварыянтныя метады прамога тэнзарнага злічэння ў оптыцы і акустыцы крышталёў. Распрацаваў метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, вектарную параметрызацыю групы Лорэнца. Прапанаваў універсальную фармулёўку нелінейных ураўненняў фундаментальных фізічных палёў, развіў тэтрадны падыход у агульнай тэорыі адноснасці. Прадказаў новую з’яву ў галіне крышталяоптыкі (гл. зрух Фёдарава), зарэгістраваную як адкрыццё (1980).