Філікудзі | |
---|---|
італ. Filicudi | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 9,49 км² |
Насельніцтва | 235 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 24,76 чал./км² |
Размяшчэнне | |
38°34′23,30″ пн. ш. 14°33′27,70″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Тырэнскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Філіку́дзі (італ.: Filicudi) — востраў у групе Ліпарскіх астравоў. Уваходзіць у склад Італіі. Агульная плошча — 9,49 км². Насельніцтва (2001 г.) — 235 чалавек.
Востраў Філікудзі месціцца ў Тырэнскім моры ў 45,28 км на поўнач ад Сіціліі, у 17,47 км на захад ад вострава Саліна і ў 15 км на ўсход ад вострава Алікудзі. Выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 5,4 км. Найбольшая шырыня — 3,14 км. Мае вулканічнае паходжанне. Вылучаецца 8 пагаслых вулканаў, найвышэйшы з якіх Фоса-Фельчы (773 м).
Для флоры характэрна перавага міжземнаморскіх раслін. Тут сустракаюцца апунцыя, алеандр, верасы, ясноткавыя, чабор, эндэмічны від зяноўца. Сушу насяляюць рэдкія птушкі і яшчаркі.
На Філікудзі знойдзены рэшткі неалітычнай керамікі, застаўленай у 3 тысячагоддзі да н. э. На паўднёва-заходнім узбярэжжы выяўлены мікенская і пазнейшая грэчаская кераміка, рымскія артэфакты. Аднак упэўненасці ў існаванні сталых доўгатэрміновых паселішчаў у эпоху антычнасці няма.
У сярэднявеччы востраў узгадваўся Аль-Ідрысі і Тамаза Фазэла як ненаселены. Прычынамі таму былі небяспека з боку піратаў і землятрусы. Жыхары суседніх астравоў выкарыстоўвалі Філікудзі для авечкагадоўлі.
У 1970-х гг. Філікудзі стаў папулярным месцам сярод італьянскіх мастакоў і фатографаў. У нашы дні тут існуе некалькі невялікіх паселішчаў, абмежавана развіваецца турызм. На востраве працуе адзяленне музея археалогіі Ліпары.