Філіп Сеймур Хофман | |
---|---|
Philip Seymour Hoffman | |
Дата нараджэння | 23 ліпеня 1967 (57 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 лютага 2014[1][2][…] (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | ЗША |
Бацька | Gordon Hoffman[d] |
Маці | Marilyn O'Connor[d] |
Дзеці | Cooper Hoffman[d] |
Адукацыя | |
Прафесія | акцёр, кінарэжысёр |
Узнагароды |
«Оскар» (2005) «Залаты глобус» (2005) BAFTA (2005) |
IMDb | 0000450 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Філіп Сеймур Хофман (англ.: Philip Seymour Hoffman; 23 ліпеня 1967, Фэрпарт — 2 лютага 2014, Манхэтэн) — амерыканскі акцёр, які працаваў у самых разнастайных жанрах тэатральнага мастацтва і кінематографа: ад мэйнстрымных блокбастараў да артхаусных прытчаў[3][4][5].
Адзін з самых запатрабаваных амерыканскіх кінаакцёраў 2000—2010-х гадоў, Хофман скончыў тэатральную школу ў 1989 годзе, дэбютаваў на тэлебачанні ў 1991, пасля чаго перайшоў да выканання эпізадычных і другапланавых кінароляў. За сваё жыццё Хофман зняўся ў больш як 60 кінастужках і прыняў удзел у прынамсі 20 тэатральных пастаноўках. У прыватнасці, ён актыўна супрацоўнічаў са сваім блізкім сябрам, кінарэжысёрам Полам Томасам Андэрсанам, на працягу 16 гадоў з'яўляючыся амаль у кожным яго фільме: «Фатальная васьмёрка», «Ночы ў стылі бугі», «Магнолія», «Каханне, якое збівае з ног» і «Майстар».
У 2006 годзе Хофман атрымаў усе галоўныя прэміі «узнагароднага сезона », уключаючы «Оскар», за выкананне загалоўнай ролі ў фільм-біяграфіяе Бенета Мілера «Капотэ». У 2010 годзе Філіп Сеймур Хофман сам дэбютаваў як кінарэжысёр, паставіўшы рамантычную камедыю «Джэк адпраўляецца ў плаванне » і выканаўшы ў ёй галоўную ролю. Яшчэ праз два гады Хофман быў прызнаны найлепшым акцёрам Венецыянскага кінафестывалю за стварэнне вобраза харызматычнага акультыста ў экзістэнцыяльнай драме «Майстар».
Дасягнуўшы вяршыняў прызнання ў свеце кінематографа, Хофман усё жыццё заставаўся дакладны тэатру, які называў сваім другім домам. У тэатры Хофман праявіў сябе не толькі як выдатны акцёр, але і як таленавіты рэжысёр-пастаноўшчык (ва ўласнай тэатральнай кампаніі LAByrinth ).
З юнацтва ўцягнушыся ў наркотыкі, Філіп Сеймур Хофман сканаў у пачатку лютага 2014 года ва ўзросце 46 гадоў пасля прыёму фатальнай камбінацыі моцнадзейных прэпаратаў[6][7]. Паведамленне пра яго смерць выклікала шырокі рэзананс, многія кіназнаўцы абвясцілі гэту страту незаменнай. Цырымонія развітання з акцёрам прайшла ў Верхнім Іст-Сайдзе і царкве Святога Ігнація Лаёлы , пасля чаго ён быў крэміраваны[8].
Філіп Сеймур Хофман — адзін з самых амбіцыйных і ўшанаваных акцёраў свайго часу, — заслужыў рэпутацыю выдатнага артыста, які ўмеў іграць абсалютна ўсё[6][9]. За 25 гадоў кінакар'еры Хофман увасобіў велізарную колькасць выразных другапланавых персанажаў, часта адмоўных, якія выклікаюць непрыманне, і, як рэдкае выключэнне, сыграў некалькі характэрных галоўных роляў[10]. Філіп Сеймур Хофман, які часам засланяў вядучых выканаўцаў сваім кароткім з'яўленнем на экране, у жыцці быў сціплым і не надта публічным чалавекам.