Фітатэрапі́я (ад стар.-грэч.: φυτόν — «расліна» і θεραπεία — «тэрапія»), саст. травалячэнне — метад лячэння розных захворванняў чалавека, заснаваны на выкарыстанні лекавых раслін і комплексных прэпаратаў з іх. Методыкі перапрацоўкі раслін для атрымання «фітапрэпаратаў» арыентаваныя не на вылучэнне дзеючага рэчыва, а на захаванне ўсяго комплексу актыўных рэчываў расліны ў найбольш простых і набліжаных да натуральных формах. У сувязі з гэтым фітатэрапія разглядаецца як частка нетрадыцыйнай медыцыны, адзін з раздзелаў натурапатыі[1]. У агульнапрынятай медыцыне раздзел, які вывучае лячэнне прыроднымі рэчывамі, уключаючы расліны і раслінныя экстракты, называецца фармакагназіяй.
Часам да сферы фітатэрапіі памылкова адносяць таксама і «фунгатэрапію» (лячэнне грыбамі), ці нават «апітэрапію» (лячэнне прадуктамі пчалярства) і іншыя формы лячэння нетрадыцыйнымі рэчывамі (мінераламі, часткамі цела жывёл).
Спецыяліст у галіне фітатэрапіі называецца «фітатэрапеўт». Людзей, якія разбіраюцца ў травах і ў іх выкарыстанні ў медыцынскіх мэтах, называюць «траўнікі».