У хадулачніка вельмі доўгія, чырвонага колеру лапы і чорная, тонкая, прамая і доўгая дзюба. Даўжыня тулава дасягае ад 33 да 36 сантыметраў, з якіх 6 сантыметраў прыпадае на дзюбу. Галава, патыліца, ніз і надхвосце белыя, спіна і крылы з абодвух бакоў чорныя. Спіна і плечы дарослых самцоў маюць зялёны, а ў самак буры адліў.
Хадулачнік жыве на адкрытых вадаёмах з прэснай, саланаватай або салёнай вадой у лагунах і стэпах. Яго доўгія лапы дазваляюць шукаць корм у глыбакаводных месцах. Сустракаецца ў асноўным на поўдні Цэнтральнай Еўропы, на Каспійскім і Чорным морах, у Турцыі. Хадулачнік — пералётная птушка, зімуе ў Афрыцы.