Хет-трык (ад па-англійску: hat-trick) — дасягненне трох выніковых дзеянняў у спартыўных гульнях. Тэрмін хет-трык быў упершыню выкарыстаны ў 1858 годзе на гульні ў крыкет адносна Х. Х. Стэфенсана , які ўзяў браму трыма мячамі. У яго гонар, паводле тагачаснай традыцыі, быў аб'яўлены збор сродкаў, і на атрыманыя грошы Стэфенсану быў падараваны капялюш.[1] У друку слова ўпершыню з'явілася ў 1878 годзе.[2]
Хутка тэрмін быў пазычаны і ў іншыя віды спорту, як футбол, воднае пола і гандбол. У Паўночнай Амерыцы слова набыло папулярнасць толькі ў сярэдзіне 1940-х, дзякуючы НХЛ: паводле традыцыі, пасля выканання хет-трыку гульцом заўзятары кідаюць свае шапкі на лёд.
Хет-трыкам у футболе лічацца 3 і болей галоў ад аднаго гульца за адзін матч. Паводле правілаў уліку вынікаў, трапланні з пенальці не ідуць у лік, таму і ў выпадку з хет-трыкам 11-метровыя галы не залічваюцца.[3] Хет-трык хутчэй за ўсіх аформіў Томі Рос, які гуляў за Рос Каўнці супраць Нерн Каўнці, на матчы 28 лістапада 1964 года.[4] У фінальным матчы Кубка свету ФІФА хет-трык быў аформлены толькі аднойчы: Джэфры Херстам у дадатковы час у фінальным матчы ЧС-1966.