Хінаяна | |
---|---|
Хіная́на (санскр.: हीनयान, hīnayāna) — малая калясніца, вузкі шлях; кіт.: 小乘, Сяа Чэн; яп.: 小乗, Сёдзё) — адзін з асноўных ранніх (разам з махаянай) кірункаў будызму.
У аснове хінаяны — будыйская ідэя пра 2 станы быцця: праяўлены і непраяўлены (непраяўлены атаясняюць з хваляваннем дхармаў — пэўных адзінак жыццядзейнасці асобы). У хінаяне «Я» і свет разглядаюцца як хуткамінучыя камбінацыі, адмаўляецца душа як самастойная духоўная сутнасць, адначасова падкрэсліваецца рэальнасць дхармаў. Для будызму характэрна ідэя незалежнага развіцця асобы, асабістага ўдасканалення дзеля дасягнення нірваны. Буда ў хінаяне — гістарычная асоба, якая адрозніваецца ад іншых большай дасканаласцю як узор для іншых (патэнцыяльна кожны чалавек можа стаць Будай).
Будысты лічаць, што падзел на прыхільнікаў хінаяны і маяханы адбыўся пасля смерці Гаўтамы. Аднак існуе і іншае меркаванне, што хінаяна ўзнікла на паўночным усходзе Індыі толькі ў пачатку нашай эры, пазней распаўсюдзілася ва ўсіх азіяцкіх краінах. Хінаяна не з’яўлялася асобнай школай, аднак паўплывала на фарміраванне школ тхеравада, вайбхашыка, саўнтрантыка. Вучэнне тхеравада замацавалася на Цэйлоне і ў некаторых краінах Паўднёва-Усхродняй Азіі (М’янма, Лаос, Тайланд, Камбоджа). Часам прыхільнікаў гэтай школы адносяць да кірунку хінаяны, што самімі вернікамі ўспрымаецца як знявага.