Хіцін | |
Агульныя | |
---|---|
Тэрмічныя ўласцівасці | |
Класіфікацыя | |
Рэг. нумар CAS | |
PubChem | |
Рэг. нумар EINECS | 215-744-3 |
Хіці́н (C8H13O5N) — азотазмяшчальны поліцукрыд, упершыню вылучаны з вонкавых абалонак тарантул. Хімічная назва: полі-N-ацэтыл-D-глюкоза-2-амін.
Назва рэчыва «хіцін» паходзіць ад грэчаскага «хітон» («χιτών», тып вопраткі), што сімвалізуе ключавую ролю хіціну ў пабудове покрываў шматлікіх арганізмаў.
Гэта жорсткі паўпразрысты матэрыял, які з’яўляецца галоўным складнікам экзашкілета членістаногіх і прысутнічае ў клеткавых сценках грыбоў. Хіцін таксама вырабляецца ў арганізмах іншых жывых істот — разнастайных чарвякоў, кішачнаполасцевых і іншых.
Хіцін — адзін з найбольш распаўсюджаных у прыродзе поліцукрыдаў: штогод на Зямлі вырабляецца і раскладаецца каля 10 гігатонаў гэтага рэчыва. Звычайна ў арганізмах, што вырабляюць і выкарыстоўваюць хіцін, ён утрымліваецца не ў чыстым выглядзе, але ў комплексе з іншымі поліцукрыдамі і пратэінамі. Нягледзячы на тое, што хіцін з’яўляецца рэчывам, вытворным ад цэлюлозы, у арганізмах, што вырабляюць цэлюлозу (расліны, бактэрыі) хіцін знайсці не атрымалася.
У медыцыне хіцін выкарыстоўваецца для паскарэння загойвання ранаў: пакрытае хіцінам валакно, губкі і плеўкі скарачаюць час загойвання ранаў на велічыню да 30 %. Асабліва перспектыўнае — выкарыстанне хіцінавых матэрыялаў і інструментаў з хіцінавым пакрыццём пры лячэнні апёкаў.
Акрамя таго хіцін выкарыстоўваецца і ў касметычнай галіне як бяспечны і не раздражняльны для скуры палімерны напаўняльнік касметычных сродкаў.
У водным асяроддзі хіцін выяўляе хэлятныя хімічныя ўласцівасці, дзякуючы чаму фільтры на аснове хіціну паспяхова выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод ад аніённых забруджвальнікаў і такіх рэчываў як ДДТ і поліхлорбензолы.