Цугцванг — становішча ў шашках і шахматах, у якім любы ход гульца вядзе да пагаршэння яго пазіцыі.
У наш час тэрмін ужываецца не толькі ў шахматах, але і ў іншых відах спорту (більярд, кёрлінг), у азартных і настольных гульнях (нарды, картачныя гульні), а таксама ў шматлікіх іншых абласцях, і нават у побыце. Напрыклад, у значэнні, калі любое дзеянне або бяздзейнасць загадзя прывядзе да пагаршэння сітуацыі, гэта значыць «рабіць нельга і не рабіць нельга».
Пры цугцвангу ў аднаго з бакоў або ў абодвух адразу (узаемны цугцванг) няма карысных або нейтральных хадоў, і перамяшчэнне любой з фігур вядзе да пагаршэння ацэнкі ўласнай пазіцыі (у строгім разуменні — да пагаршэння выніку).
Калі ў эндшпілі цугцванг сустракаецца досыць часта, а такі від шахматных канчаткаў, як пешачныя канчаткі, шмат у чым грунтуецца на цугцвангу, то ў мітельшпілі, з прычыны наяўнасці шматлікіх фігур на дошцы, цугцванга дамагчыся значна складаней. Звычайна, гаворачы аб цугцвангу ў дачыненні да мітельшпільных пазіцый, яго разглядаюць у шырэйшым сэнсе гэтага тэрміна — напрыклад, пазіцыі, у якіх адзін з бакоў вельмі сціснуты ў сваіх дзеяннях[1].