Цыклапія — загана развіцця чалавека і жывёл, пры якой адзінае вока размяшчаецца ў сярэдзіне лба альбо прысутнічаюць два вочныя яблыкі ў адной вачніцы; звычайна спалучаецца з іншымі заганамі развіцця. Цыклопы нежыццяздольныя і гінуць у першыя тыдні жыцця.
Цыклапія развіваецца на першых стадыях цяжарнасці, калі развіваюцца мозг і вочы. Звычайна ў «цыклопаў» адсутнічае нос, і замест яго над вокам размешчаны мускульны хабаток, праз які немаўля можа дыхаць.
Дэфект ўзнікае з-за храмасомнай мутацыі (напрыклад, пры сіндроме Патау) або прыняцця маці тератагенных рэчываў. Адно з такіх рэчываў — алкалоід ціклапамін.