Цэнтральны ўніверсітэт Венесуэлы | |
---|---|
ісп.: Universidad Central de Venezuela | |
![]() | |
Заснаваны | 1721 |
Краіна | |
Сайт | ucv.ve/index.php |
![]() |
Цэнтральны ўніверсітэт Венесуэлы (ісп.: Universidad Central de Venezuela; UCV) — галоўны публічны ўніверсітэт Венесуэлы, размешчаны ў яе сталіцы Каракасе. Заснаваны ў 1721 годзе ён з’яўляецца першым універсітэтам у Венесуэле і адным з найстарэйшых ва ўсім заходнім паўшар’і.
Галоўны ўніверсітэцкі кампус, Універсітэцкі гарадок у Каракасе, быў пабудаваны па праекце архітэктара Карласа Раўля Вільянуэвы і лічыцца шэдэўрам сучаснага горадабудаўніцтва. У 2000 годзе універсітэцкі гарадок увайшоў у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Свой пачатак універсітэт бярэ ад манаха Антоніа Гансалеса дэ Акуньі (1620—1682), перуанскага біскупа, які навучаўся тэалогіі ва Універсітэце Сан-Маркас і які заснаваў у 1673 годзе Семінарыю Святой Розы Лімскай у Каракасе. Семінарыя была названая так у гонар першай каталіцкай святой, якая нарадзілася ў Амерыцы. У наступныя гады манах Дыега дэ Баньёс і Сотамаёр пашырыў сферу дзейнасці духоўнай семінарыі, стварыўшы Школу і семінарыю Святой Розы Лімскай у 1696 годзе. Аднак нягледзячы на стварэнне семінарыі мясцовыя студэнты, якія жадалі атрымаць вышэйшую адукацыю, пераадольвалі вялікія адлегласці, каб вучыцца ў Санта-Дамінга, Багаце або Мехіка. Улічваючы гэтыя абставіны, рэктар семінарыі Франсіска Марцінес дэ Порас і жыхары Каракаса адправілі прашэнне да каралеўскага двара ў Мадрыд пра стварэнне універсітэта ў Венесуэле, у той час былой часткай віцэ-каралеўства Новая Гранада. У выніку, 22 снежня 1721 года кароль Іспаніі Філіп V падпісаў у Лерме каралеўскі дэкрэт, па якім школа-семінарыя пераўтварылася ў Каралеўскі і папскі ўніверсітэт Каракаса (ісп.: Universidad Real y Pontificia de Caracas). Каралеўскі дэкрэт быў пацверджаны булай 1722 года папы Інакенція XIII. Універсітэт дае вучоныя ступені ў абласцях філасофіі, тэалогіі, кананічнага права і медыцыны. Да 1810 года, калі семінарыя Святога Банавентуры (горад Мерыда стала Андскім ўніверсітэтам, Каралеўскі і папскі ўніверсітэт Каракаса заставаўся адзінай вышэйшай навучальнай установай Венесуэлы.
Да канца XVIII стагоддзя фактычнае ігнараванне ў Венесуэле папскай і каралеўскай цэнзуры кніг спрыяла з’яўленню і распаўсюджванню ва ўніверсітэце і краіне ў цэлым прац Русо, Вальтэра, Дзідро, Мантэск’ё, Лока, Гельвецыя, Гроцыя, якія паступалі сюды кантрабандай на караблях Гіпусканскай кампаніі.
Каралеўская канстытуцыя была заменена на рэспубліканскія статуты, абвешчаныя Сімонам Баліварам 24 чэрвеня 1827 года. Па новых законах універсітэт набываў свецкі характар.
У снежні 1908 года да ўлады ў краіне прыйшоў Хуан Вісентэ Гомес у выніку перавароту, які зрынуў урад Сіпрыяна Кастра. Гомес заставаўся пры ўладзе да сваёй смерці ў 1935 годзе, у перыяд сваёй дыктатуры ён амбівалентна ставіўся да пытанняў бясплатнай адукацыі, аддаючы перавагу ў выпадках неабходнасці запрашаць у краіну замежных спецыялістаў для вырашэння тых ці іншых задач, універсітэт жа нават быў зачынены ў перыяд з 1912 па 1922 год. Калі ён быў зноў адкрыты, рэктар Фэліпэ Гевара Рохас рэарганізаваў традыцыйнае дзяленне універсітэта толькі на некалькі школ, дадаткова падзяліўшы іх яшчэ і на дэпартаменты.
1928 стаў важнай вяхой у гісторыі універсітэта, калі група студэнтаў, вядомая як Пакаленне 1928 года, арганізавала пратэстныя акцыі падчас «Студэнцкага тыдня», накіраваныя супраць дыктатуры і якія скончыліся спробай звяржэння Гомеса 7 красавіка таго ж года. У гэтую групу ўваходзілі вядомыя ў будучыні Ромула Бетанкур, Мігель Атэра Сільва, Хуан Апорэса, Ісаак Пардо і Радольфа Кінтэра. Большасць з іх была заключана ў турму або апынулася ў эміграцыі, не здолеўшы такім чынам працягнуць навучанне ва ўніверсітэце.
Універсітэт працягваў знаходзіцца ў авангардзе дэмакратызацыі краіны, калі ў 1936 годзе прэзідэнт Элеасар Лопес Кантрэрас абвясціў пра аднаўленне канстытуцыйных гарантый і палітычных свабод, а таксама пра адмену цэнзуры пад ціскам масавых пратэстаў. Рэктар універсітэта Франсіска Антоніа Рыскес узначальваў пратэсты на вуліцах Каракаса.
Да 1942 году ўніверсітэт, які не ведаў за дзесяцігоддзі свайго існавання значных пашырэнняў, ужо не мог задаволіць патрэбы усё большай колькасці студэнтаў. Некаторыя школы, да прыкладу медыцыны, перабраліся ў іншыя будынкі Каракаса. Адміністрацыя прэзідэнта Ісаяса Медзіна Ангарыты ўсвядоміла неабходнасць перамяшчэння ўніверсітэта на новае месца, якое б адпавядала тагачасным патрабаванням і магло б сканцэнтраваць усе аддзяленні ўніверсітэта на адной тэрыторыі. Урад набыў Асьенду Ібара (Hacienda Ibarra) і даручыў праект архітэктару Карласу Раулю Вільянуэве.
Універсітэт падзяляецца на 11 школ (факультэтаў) і 40 дэпартаментаў.
Усе школы выдаюць ступень бакалаўра пасля 5 гадоў навучання ў ліцэнцыятуры, а таксама вучоныя ступені магістра (2 гады) і доктара філасофіі (3-4 гады) пасля навучання ў Вышэйшай школе[2]. Вышэйшая школа, заснаваная ў 1941 годзе, прапануе 222 розныя спецыялізацыі.[3].