«Цёмны рыцар» (англ.: The Dark Knight) — супергеройскі трылер, зняты сумесна ЗША і Вялікабрытаніяй у 2008 годзе рэжысёрам, прадзюсарам і сааўтарам сцэнарыя Крыстаферам Ноланам, другая частка трылогіі Нолана пра Бэтмена. У галоўных ролях Крысціян Бейл, Хіт Леджэр, Аарон Экхарт, Гэры Олдмен, Мэгі Джыленхол, Майкл Кейн і Морган Фрымэн.
Карціна здымалася ў асноўным у Чыкага, але таксама ў некаторых іншых месцах ЗША, Вялікабрытаніі і Ганконга. Для здымкі асобных сюжэтаў выкарыстоўваліся фотаапараты IMAX з плёнкай 70 мм. Фільм прысвечаны памяці Лэджэра, які памёр 22 студзеня 2008 года, праз некалькі месяцаў пасля заканчэння здымак і за паўгода да выхаду фільма.
Сусветная прэм’ера фільма «Цёмны рыцар» адбылася 14 ліпеня 2008 года ў Нью-Ёрку. У шырокі пракат фільм выйшаў 16 ліпеня 2008 года ў Аўстраліі, 18 ліпеня ў Паўночнай Амерыцы і 24 ліпеня ў Вялікабрытаніі. Кінакрытыкі лічаць фільм адным з лепшых фільмаў дзесяцігоддзя. Фільм атрымаў станоўчыя водгукі і ўстанавіў мноства касавых рэкордаў падчас выхаду. З даходам больш за 1 мільярд долараў ён займае 28-е месца ў спісе самых касавых фільмаў. Фільм атрымаў восем намінацый на «Оскар», дзве з якіх выйгралі.