«Чалавек-павук 3: Вораг у адлюстраванні» (англ.: Spider-Man 3) — амерыканскі фантастычны фільм 2007 года пра супергероя коміксаў кампаніі Marvel Comics Чалавека-павука. З’яўляецца заключным з трылогіі пра Чалавека-павука ад рэжысёра Сэма Рэймі.
Прайшло пяць гадоў з таго часу, як Пітэр усвядоміў, што «з Вялікай сілай прыходзіць Вялікая адказнасць!», і тры гады з таго часу, як ён адмовіўся быць змагаром за справядлівасць. Але цяпер здаецца, Пітэр выдатна навучыўся жыць некалькімі жыццямі. Ён добра вучыцца, Нью-Ёрк прызнаў яго героем, адносіны з Мэры Джэйн трывалыя. Пітэр нават мае намер зрабіць ёй прапанову!
Але на жаль, яго лепшы сябар Гары Озбарн па-ранейшаму лічыць, што менавіта Чалавек-павук нясе адказнасць за заўчасны скон яго бацькі. Гары мае намер адпомсціць яму ў абліччы Новага Гобліна. У той жа самы час на крымінальнай сцэне Нью-Ёрка з’яўляецца іншы магутны суперзлачынец, вядомы як Пясочны Чалавек.
Калі Чалавек-павук апранае таямнічы чорны касцюм, яго цёмны, больш помслівы бок цалкам паглынае яго. Гэтыя трансфармацыі прымушаюць яго сустрэцца з наймацнейшым супернікам — з самім сабой.