Чубака

Чубака
Дзейнасць памочнік пілота «Тысячагадовага сокала»
Родная планета Кашыіік
Раса вукі
Пол мужчынскі
Рост 228 см
Валасы карычневыя
Вочы блакітныя
Прыналежнасць Галактычная рэспубліка, Паўстанцкі альянс, Новая рэспубліка
Акцёр Пітэр Мейх'ю

Чуба́ка (англ.: Chewbacca; 200 д. б. я., Кашыіік — 25 п. б. я., Сернпідаль), вядомы таксама як Чу́і (англ.: Chewie) — персанаж сусвету «Зорных войнаў», вукі з планеты Кашыіік. З’яўляецца ў III, IV, V і VI эпізодах сагі. Лепшы сябар Хана Сола.

Чубака паходзіць з роднае планеты вукі — Кашыііку, адкуль яго забралі ў рабства імперцы. Калі імперскі лейтэнант Хан Сола выратоўвае яго жыццё, Чубака пакляўся ў пажыццёвай адданасці свайму збаўцу. Сола і Чубака становяцца найлепшымі сябрамі і кантрабандыстамі на касмічным караблі Сола «Тысячагадовы сокал». Як і ўсе вукі, Чубака неймаверна адданы тым, каго лічыць сваім сябрам, і дзеля іх гатовы ахвяраваць нават уласным жыццём.

Чубака вельмі высокі, мускулісты і ўвесь пакрытыю кудлатаю поўсцю. Адзінай Чубакавай вопраткай ёсць пас, перакінуты праз левае плячо, на якім трымаецца торба з боепрыпасамі і яго ўлюбёная зброя — арбалет. Ён разумее агульную мову, аднак сам здольны размаўляць толькі рыканнем, якое разумеюць толькі Хан Сола, магістры-джэдаі Ёда і Квай-Гон Джын.

Паколькі Чубака — выдатны механік, дык часта рамантуе «Тысячагодавага сокала». Аднак ён таксама выдатны пілот і адважны ваяр. Падчас аднаго з палётаў на «Тысячагадовым сокале» яны сустракаюцца з Люкам Скайуокерам і прынцэсай Леяй, што ў канчатковым выніку прыводзіць іх на бок паўстанцаў.

Чубака ўдзельнічаў у змаганнях з Імперыяй да сканчэння грамадзянскай вайны. Разам з Ханам Солам пілятаваў карабель у бітве з Зоркай смерці. Калі Сола быў замарожаны ў карбаніце, Чуі адыграў значную ролю ў яго ўратаванні. Ён быў таксама ўдзельнікам штурмавое групы, якой удалося вывесці са строю шчытавы генератар на Эндары, што прывяло да знішчэння другой Зоркі смерці і паразе Імперыі. У «Помсце сітхаў» толькі ён і яго правадыр ацалелі пасля атакі клонаў; астатнія вукі загінулі пры абароне майстра-джэдая Ёды. Пазней яны дапамаглі яму пакінуць Кашыіік.

Чуі памёр на планеце Сернпідаль, узарванай юужан вонгамі, калі прыляцеў з Ханам і Энакінам Сола дапамагчы эвакуіраваць уцекачоў. Перад смерцю ён уратаваў Энакінава жыццё, а сам загінуў ад сутыкнення планеты з адным з яе спадарожнікаў.