Узнік на месцы Старашклоўскага гарадзішча каля сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка не пазней за IX ст.
Упершыню ўскосна згадваецца ў 1466 годзе ў лісце наваградскага намесніка Марціна Гаштольда да свайго шклоўскага намесніка Комара, арыгінал дакумента захоўваецца ў Бібліятэцы Асалінскіх ва Уроцлаве. У тастаменце Яна Якуба Неміровіча ад 1518 года згадваецца шклоўскі намеснік Гаштольда пан Фёдар Дурасовіч. У 1526 годзе праз Шклоў у Маскву праехаў імператарскі пасол Сігізмунд Герберштэйн.[6]
Падчас маскоўска-вялікалітоўскай вайны (1534—1537) спалены ў 1535 годзе. З другой паловы XVI стагоддзя цэнтр Шклоўскага графства. Падчас Лівонскай вайны (1558—1583) двойчы спалены маскоўскімі войскамі. У канцы XVI стагоддзя перанесены на сучаснае месца. У XVI—XVII стагоддзях у горадзе існаваў вялікі Шклоўскі замак і Шклоўскія гарадскія ўмацаванні. У 1654 годзе, пасля кароткай аблогі, магістрат здаў горад рускім войскам. Улетку 1655 года ў Шклове размяшчалася часовая стаўка рускага цара Аляксея Міхайлавіча. У 1660 годзе горад вызвалены, у 1666 годзе зноўку захоплены рускімі войскамі. У 1667 годзе вернуты Рэчы Паспалітай. Шклоў быў цэнтрам Шклоўскага графства. У 1708 годзе (падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў) разбураны рускімі войскамі за дапамогу шведам. У 1762 годзе атрымаў магдэбургскае права, пячатку і герб.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1773—1777 гадах цэнтр павета Магілёўскай правінцыі і губерні. З 1777 года мястэчка, цэнтр воласці Магілёўскага павета. З 1778 года валоданне С. Г. Зорыча.
У перыяд уладання Сямёна Зорыча ў Шклове працавалі разнастайныя мануфактуры, якія працавалі пераважна на мясцовай сыравіне, абслугоўвалі патрэбы вотчыннага двара і выраблялі прадукцыю на продаж. Канатная мануфактура (1790—1799) вырабляла канаты і пражу з ільняной кудзелі і пянькі. У 1797 годзе працавала звыш 50 чалавек, выпушчана канатаў агульнай даўжынёй 10 тысяч сажаняў[7]. Парусінавая мануфактура (1794—1845) вырабляла тонкае і паруснае палатно з ільняных і пяньковых нітак. Працавалі таксама шаўкаткацкая (1781—1799), гарбарная (1794—1798) і суконная (1781—1809) мануфактуры[7].
У пачатку XIX стагоддзя — важны гандлёвы цэнтр Беларусі, прыстань на Дняпры. У пачатку XX стагоддзя праз Шклоў пракладзеная чыгунка Орша — Магілёў.
Прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасці. Гасцініца «Крынічка». Уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гісторыка-культурная спадчына Магілёўскага края» і «Айчыны славутыя імёны».
Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У музея два філіялы — Дом-музей Пятра Алейнікава (вёска Крывель) і музей працоўнай і баявой славы «Сельгастэхніка» (Шклоў).
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
↑Полехов С. В. Древнейшее упоминание Шклова — 1466: послание новогородского наместника Мартина Гаштольда // Архіварыюс. № 19. — Мінск: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2021. — С. 77-82.
↑Рашэнні выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 студзеня, 16 і 22 лютага 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 9 (1527).
↑Шклов // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.