Шляхта

Шляхта — знаць, прывілеяванае саслоўе на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі у XIII—XX стст.

Эканамічная аснова шляхецкага стану — феадальная уласнасць на зямлю. Узаемаадносіны ўнутры стану грунтаваліся на прынцыпах феадальнай іерархіі.

Доступ у саслоўе шляхты

[правіць | правіць зыходнік]
  • набілітацыя — наданне шляхецтва каралём, сеймам, гетманам на полі бою, у выключных выпадках за вялікія заслугі;
  • адопцыя — прыём у геральдычны род прадстаўнікоў іншых саслоўяў;
  • індыгенат — прызнанне шляхецтва прадстаўнікоў прывілеяваных саслоўяў іншых краін.

Маёмасная градацыя шляхты

[правіць | правіць зыходнік]
  • магнаты — латыфундысты, уладальнікі дзясяткаў вёсак, мястэчак і гарадоў
  • паны, сярэдняя шляхта — уладальнікі вялікіх маёнткаў, з прынамсі адной або некалькімі вёскамі або фальваркамі;
  • ваколічная, заградковая або засцянковая шляхта — мела сваю гаспадарку, часта не мелі сялян або мелі невялікую іх колькасць;
  • шляхта-галота — не мела сваёй зямлі, жыла пры магнацкіх і панскіх дварах у якасці слуг).

Статус шляхцянак

[правіць | правіць зыходнік]

У 2-й палове XVIII ст. роля жанчыны ў грамадстве Вялікага Княства Літоўскага пад уплывам Францыі павышаецца. Перадавая частка шляхты пачала трымацца думкі, што для трывалай шляхецкай сям’і і стабільнага грамадства неабходна выхаваная і адукаваная жанчына. Ад яе залежаў сямейны дабрабыт і выхаванне будучага пакалення. Пашыраецца дзейнасць манаскіх ордэнаў, якія займаліся выхаваннем шляхцянак, жаночыя пансіёны, школы. Набывае папулярнасць замежная адукацыя. Але дамінуючай заставалася дамашняя адукацыя.

Дамашняя адукацыя і выхаванне

[правіць | правіць зыходнік]

У заможнай і сярэдняй шляхты

[правіць | правіць зыходнік]

Доўгі час шляхцянак навучалі толькі дамашнія настаўнікі, якіх па сваім жаданні і фінансавых магчымасцях наймалі бацькі. Выбар асоб, на якіх ускладваліся абавязкі выхавацеля і настаўніка, часцей за ўсё падаў на выпускнікоў навучальных устаноў, што ўтрымліваліся каталіцкай, уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, або колішніх студэнтаў, слухачоў буйных універсітэтаў Еўропы. Так, Я. Пашкоўскі (1684—1757), выпускнік Віленскай акадэміі, вучыў дзяцей М.-К. Радзівіла Рыбанькі. Буйнымі філосафамі, педагогамі, пісьменнікамі і дзяржаўнымі дзеячамі былі настаўнікі дзяцей віленскага ваяводы Я. Гільзена, надворнага маршалка літоўскага Сцыпіёна дэ Кампа, падскарбія надворнага літоўскага, гродзенскага старасты А. Тызенгаўза, Соф’і Чартарыйскай і Ганны Сапегі з роду Замойскіх.

Сярэдняя шляхта таксама звярталася да паслуг дамашніх настаўнікаў. Аднак у яе гэта часцей былі выпускнікі калегіумаў або іншых навучальных устаноў не вельмі высокага рангу. У XVIII ст. грамадская думка Вялікага Княства Літоўскага пачала развівацца пад значным уплывам Францыі. Французскі ўплыў адчуваўся і ў адукацыі. Праявай франкаманіі было з’яўленне ў шляхецкіх дамах вялікай колькасці замежных гувернёраў і гувернантак, якія навучалі гаспадарскіх дзяцей розным навукам і суправаджалі іх ад самага дзяцінства і часам нават перадаваліся, нібы ў спадчыну, ад старэйшых дзяцей да малодшых.

У магнатэрыі (на прыкладзе Соф’і Замойскай)

[правіць | правіць зыходнік]
Катэхізіс

Соф’я Замойская з роду Чартарыйскіх была малодшая ў сям’і, яе выхаваннем займалася гувернантка панна Petit, якая выхоўвала яшчэ яе старэйшую сястру. Панна Petit вучыла Соф’ю французскай мове, геаграфіі, гісторыі і Катэхізісу. Пра сваю адукацыю Соф’я зазначала, што яна была вельмі павярхоўная, за поспехамі і недахопамі яе ніхто з бацькоў не сачыў, а панна-выхавацелька была ўжо ў даволі сталых гадах, каб актыўна займацца навучаннем гаспадарскай дачкі. У Соф’і яшчэ было некалькі настаўнікаў: англійскай мове яе навучала жонка камердынера, быў настаўнік па ігры на фартэпіяна, таксама настаўнік танцаў.

Падарожжа як дадатак да адукацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Неабходным дадаткам дамашняй адукацыі шляхецкіх дзяцей сталі падарожжы па Еўропе. Традыцыя ад’язджаць за мяжу з мэтай атрымання адукацыі сфарміравалася яшчэ ў часы Адраджэння. А ў другой палове XVIII ст. яна не толькі захавалася, але і распаўсюдзілася, што было абумоўлена пашырэннем палітычных і гандлёвых сувязяў і большай адкрытасцю грамадства — з’явай, характэрнай для Новага часу. Замежныя падарожжы давалі магчымасць шляхцянкам удасканаліць валоданне мовамі, пашырыць свае веды па геаграфіі і гісторыі, пазнаёміцца з еўрапейскімі славутасцямі і адначасова паказаць свае здольнасці. Заможныя шляхцянкі з Вялікага Княства Літоўскага імкнуліся абавязкова наведаць Парыж, Вену, Берлін, Рым.

Кляштарнае выхаванне і адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Кляштар бернардзінак у Гродна

Значнасць арганізацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім жаночых кляштараў для развіцця жаночай асветы была велізарнай. Большасць з манаскіх ордэнаў мелі ў статуце палажэнне аб асветніцкай дзейнасці. Менавіта таму практычна заўсёды адкрыццё ў горадзе ці мястэчку кляштара азначала з’яўленне там школы (часцей за ўсё пачатковай). Дзякуючы гэтаму ўжо ў сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім сфарміравалася асобная сістэма жаночай адукацыі. А на пачатку XVIII ст. дзейнічала некалькі жаночых манаскіх ордэнаў: бернардзінкі, бенедыкцінкі, брыгіткі, дамініканкі, кармеліткі, марыявіткі, візіткі. Але колькасць іх была не вялікай. Жаночых кляштараў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было значна менш, чым мужчынскіх. Адпаведна і магчымасцей аддаць сваіх дачок на выхаванне манашкам у мясцовай шляхты было значна менш. Адначасова існавалі і невялікія школы, разлічаныя на дзяцей збяднелых шляхціцаў, якія ўтрымліваліся за кошт кляштара, а часцей фундатара.

Навучанне ў кляштары праводзілі самі манашкі, якія выкладалі шэраг найбольш неабходных прадметаў — чытанне, пісьмо, лічэнне, рукадзелле, а таксама танцы і музыку. Вывучэнне Святога Пісання займала найбольш часу і лічылася самым неабходным у адукацыі. Але агульны ўзровень адукацыі быў даволі нізкім і нярэдка абмяжоўваўся толькі сярэднявечнай схаластыкай. Толькі ў сярэдзіне XVIII ст. вучэбныя праграмы большасці кляштараў былі некалькі зменены.

Мода на французскую адукацыю

[правіць | правіць зыходнік]

Значна змянілася сітуацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім са з’яўленнем ордэна візітак, якія прынеслі моду на французскую адукацыю. З сярэдзіны XVIII ст. пачынаюць стварацца спецыяльныя пансіёны для шляхцянак, выкладанне ў якіх стала арыентавацца на Францыю і яе культуру, а мовай выкладання была французская. Рэлігійнае навучанне ў пансіёнах захавала свае пазіцыі, але павялічылася ўвага і да прадметаў свецкага характару. Так, для навучання мовам, спевам, танцам, маляванню, якія сталі неабходнымі для кожнай шляхетнай дзяўчыны, спецыяльна наймаліся свецкія выкладчыкі.

З пансіёнаў візітак выходзілі дзяўчаты, якія неслі ў грамадства французскую культуру і своеасаблівы касмапалітычны светапогляд. Мода на французскае пачала ахопліваць усё княства: жанчыны сталі насіць французскую вопратку, карыстацца французскай мовай, літаратурай і, галоўнае, пераймалі стыль паводзін, які прадугледжваў актыўнае свецкае жыццё жанчын вышэйшага саслоўя, валоданне мастацкімі талентамі, больш свабодныя адносіны ў шлюбе. Французская мода ліквідавала і недахоп цікавасці да музыкі і нават пэўную непрыязнасць да яе, што ўсталявалася яшчэ ў XVII ст.

На неабходнасць наладжвання адукацыі больш свецкі арыентаванага характару ў сярэдзіне XVIII ст. звярнулі ўвагу і іншыя жаночыя манаскія ордэны. Адбыліся змены ў школах бенедыкцінак і ў бернардзінскіх канквіктах. Тут вучыліся чытаць, пісаць, лічыць, спяваць, а таксама размаўляць па-французску. У падобным кірунку працавалі і сёстры-брыгіткі.