Вёска
| ||||||||||||||||||
Штабін[1] (польск.: Sztabin) — вёска ў Польшчы, на рацэ Бебжы. Уваходзіць у склад Аўгустоўскага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Штабін. Насельніцтва 920 чалавек (2006).
Гісторыя Штабіна пачалася ў XVI стагоддзі, калі Храптовічы заснавалі тут вёску Асінкі. У гэты час мясцовасць уваходзіла ў склад Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства.
У 1513 годзе з фундацыі Фёдара Храптовіча ў Асінках была пабудавана капліца. У 1627 годзе Адам Храптовіч пабудаваў у вёсцы царкву. Каля 1656 года замест царквы пачаў дзейнічаць касцёл[2].
У 1760 годзе канцлер Яўхім Храптовіч надаў Асінкам новую назву — Штабін. У 1766 годзе мястэчка атрымала прывілей на таргі і кірмашы.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Штабін апынуўся ў складзе Прусіі, у 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам — у складзе Расійскай імперыі, у Сейненскім павеце Аўгустоўскай губерні.
У XIX стагоддзі Штабін знаходзіўся ў валоданні Бжастоўскіх. На 1827 год у мястэчку было 63 будынкі.
З 1915 года да 1918 года акупіраваны германскімі войскамі. Пасля польска-савецкай вайны, згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Штабін у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Беластоцкім ваяводстве.
З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Штабін акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа[крыніца?]. У лістападзе 1939 года Штабін увайшоў у склад БССР, у Беластоцкую вобласць. З чэрвеня 1941 да верасня 1944 года вёска зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Штабін Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1975—1998 гадах вёска ўваходзіла ў склад Сувальскага ваяводства.