Штучны розум | |
---|---|
англ.: A.I. Artificial Intelligence | |
Жанр |
Навуковая фантастыка Драма Экранізацыя |
Рэжысёр | Стывен Спілберг |
Прадзюсар |
Стывен Спілберг Кэтлін Кенэдзі Боні Кёрціс |
Сцэнарыст |
Апавяданне і канцэпция:' Браян Олдыс Сюжэт: Іэн Уотсан Сцэнарый: Стывен Спілберг |
У галоўных ролях |
Хэйлі Джоал Осмент Джуд Лоу Уільям Хёрт Фрэнсіс О’Конар Сэм Робардс Джэйк Томас |
Аператар | Януш Камінскі |
Кампазітар | Джон Уільямс |
Кінакампанія |
DreamWorks Amblin Entertainment Stanley Kubrick Productions |
Працягласць | 146 хвілін |
Бюджэт | 100 млн $ |
Зборы | 236 млн $ |
Краіна | ЗША |
Мова | англійская |
Год | 2001 |
IMDb | ID 0212720 |
Афіцыйны сайт (англ.) |
«Шту́чны ро́зум» (англ.: A.I. Artificial Intelligence, таксама вядомы як AI ці A.I.[1]) — амерыканскі навукова-фантастычны фільм-драма рэжысёра, прадзюсара і сцэнарыста Стывена Спілберга, зняты ў 2001 годзе па матывам апавядання Браяна Олдыса «Суперцацак хапае на ўсё лета» (англ.: Super-Toys Last All Summer Long) з Хэйлі Джоал Осментам, Джудам Лоу, Фрэнсіс О’Конар, Сэмам Робардсам, Джэйкам Томасам і Уільямам Хёртам у галоўных ролях. У цэнтры сюжэта фільма — Дэвід, хлопчык-андроід, запраграмаваны на любоў.
Спачатку за стварэнне фільма ўзяўся рэжысёр Стэнлі Кубрык яшчэ ў пачатку 1970-х. Напісаннем сцэнарыя займаўся цэлы шэраг аўтараў, улучаючы Браяна Олдыса, Боба Шоу, Іэна Уотсана і Сару Мейтланд. Фільм знаходзіўся ў стадыі вытворчага пекла цягам некалькіх гадоў з-за таго, што Кубрык лічыў камп’ютарную графіку тых гадоў недастаткова прыгожай. Здымкі фільма пачаліся пасля смерці Кубрыка, у 2000 годзе. Яго месца заняў Стывен Спілберг, якога заняцца кінастужкай угаварылі прадзюсар фільма Ян Харлан і жонка Стэнлі Крысціяна Кубрык. «Штучны розум» атрымаў у цэлым станоўчыя водгукі крытыкаў і быў намінаваны ў дзвюх катэгорыях на прэмію «Оскар» і ў трох катэгорыях на прэмію «Залаты глобус».
У XXII стагоддзі глабальнае пацяпленне прывяло да раставання палярных ільдоў, затаплення берагавых ліній, што змушае ўрад ЗША прыняць законы, што строга абмяжоўваюць нараджэнне. З’яўляецца новы клас робатаў — чалавекападобныя андроіды, здольныя эмуляваць думкі і эмоцыі. Людзі і робаты называюцца як о́рга (арганізм) і ме́ха (механізм) адпаведна. Нягледзячы на волю, апошнія не маюць палітычнага і прававога статусу і могуць існаваць законна толькі пры наяўнасці ліцэнзіі[2]. Дэвід, прататып мадэлі, створанай кампаніяй «Кібертроніка», — хлопчыкападобны робат, запраграмаваны на любоў да сваіх чалавечых уладальнікаў. Кампанія тэстуе свой твор на адным з супрацоўнікаў, Генры Свінтане, і яго жонцы, Моніцы. Сын Свінтанаў, Марцін, быў змешчаны ў анабіёз да таго моманту, пакуль не знойдзецца спосаб вылечыць яго рэдкую хваробу. Нягледзячы на тое, што Моніку спачатку палохаў Дэвід, яна ўсё ж актывавала ў ім праграму праекцыявання любові. Дэвід таксама пасябраваў з Тэдзі, робатам-плюшавым мішкам, які клапоціцца пра дабрабыт андроіда.
Пасля таго як лячэнне для Марціна было знойдзена, той вяртаецца дахаты, дзе настае саперніцтва паміж ім і Дэвідам. Марцін пераконвае Дэвіда пайсці ўначы ў спальню бацькоў і адстрыгчы ў Монікі пасму яе валасоў, але ў момант, калі Дэвід робіць гэта, бацькі прачынаюцца. На вечарыне ля басейна адзін з сяброў Марціна, спрабуючы актываваць праграму самаабароны Дэвіда з дапамогай нажа, моцна палохае яго. Дэвід чапляецца за Марціна, і яны абодва валяцца ў басейн. Нават на дне Дэвід працягвае трымаць яго. Ад патаплення Марціна ратуе Генры. Бацькі шакаваны дзеяннямі Дэвіда і турбуюцца пра тое, што яго здольнасць любіць таксама дала яму здольнасць ненавідзець. Генры пераконвае Моніку аддаць Дэвіда ў «Кібертроніку», дзе ён будзе знішчаны. Тым не менш, па шляху ў кампанію Моніка мяркуе пакінуць яго ў ляску разам з мішкам, каб усцерагчы яго ад разбурэння. Застаўшыся з Тэдзі, Дэвід успамінае казку Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа», якую яму чыталі бацькі, і вырашае адшукаць Блакітную Фею, каб тая ператварыла яго ў сапраўднага хлопчыка. Ён мяркуе, што мама палюбіць яго пасля гэтага. Адправіўшыся на пошукі, ён трапляе на шоу-імпрэзу «Кірмаш плоці», дзе састарэлых робатаў знішчаюць перад радасным натоўпам. Дэвід апынаецца на крок ад знішчэння, але гледачы, ашукаўшыся рэалістычным характарам Дэвіда, адзінага з усіх робатаў, хто маліў захаваць яму жыццё, адпускаюць яго. Пратаганіст уцякае адтуль разам з Жыгала Джо — робатам, што кінуўся ў бегі пасля вінавачання ў забойстве, якога не здзяйсняў.
Джо, Тэдзі і Дэвід адпраўляюцца ў Чырвоны Горад — мегаполіс ЗША. Дзякуючы інфармацыі з галаграфічнай даведкавай сістэмы, што завецца «Доктар Ноу», героі дабіраюцца на верхнія паверхі Ракфелераўскага цэнтра ў часткова затопленым Манхэтэне. Туды яны трапляюць на амфібілёце, лятальным апараце, здольным таксама апускацца пад ваду, які яны ўкралі ў Чырвоным Горадзе ля паліцыі. У Манхэтэне Дэвід сустракае свайго стваральніка, прафесара Алена Хобі, які расказвае яму, што іх сустрэча — гэта эксперымент, што паказвае рэальнасць любові і жадання Дэвіда. Апроч таго, робіцца ясна, што зроблена ўжо шмат копій Дэвіда, у тым ліку і версіі жаночага полу. Дэвід усведамляе, што не з’яўляецца ўнікальным, і пачынае сумаваць. Запаўшы ў маркоту, ён спрабуе скончыць самагубствам, упаўшы з выступу хмарачоса ў акіян, але Джо ратуе яго на амфібілёце. Дэвід кажа Джо, што бачыў Блакітную Фею пад вадой, і хоча спусціцца да яе. У гэты момант Джо хапае паліцыя з дапамогай электрамагніта. Дэвід і Тэдзі спускаюцца на дно ў амфібілёце на пошукі Феі, якая аказваецца статуяй з атракцыёна на Коні-Айлэнд. Тэдзі і Дэвід апынаюцца ў пастцы, калі кола агляду Wonder Wheel падае на іх транспартны сродак. Мяркуючы, што Блакітная Фея рэальная, Дэвід просіць, каб яна ператварыла яго ў сапраўднага хлопчыка, паўтараючы сваё жаданне да таго моманту, пакуль яго ўнутраная крыніца сілкавання не сканчаецца.
Так праходзіць дзве тысячы гадоў. Чалавецтва вымірае, а Манхэтэн пахаваны пад некалькімі сотнямі футаў лёду[3]. Робаты ператварыліся ў высокаразвітыя гуманоідныя формы[4]. Яны знаходзяць Дэвіда і Тэдзі, высвятляюць, што тыя з’яўляюцца старажытнымі робатамі, якія бачылі жывых людзей, і размарожваюць іх. Дэвід падыходзіць да замарожанай статуі Блакітнай Феі, якая трэскаецца і разбураецца пасля таго, як ён датыкаецца да яе. Атрымаўшы і асэнсаваўшы ўспаміны Дэвіда, футурыстычныя робаты рэканструююць хату сям’і Свінтан і тлумачаць яму з дапамогай інтэрактыўнай выявы Блакітнай Феі, што немагчыма зрабіць яго чалавекам. Тым не менш, па патрабаванні Дэвіда, яны ўзнаўляюць Моніку праз узор ДНК з пасмы яе валасоў, якую захаваў Тэдзі. Але яна можа жыць толькі адзін дзень, і гэты працэс не можа быць паўтораны. Дэвід праводзіць свой самы шчаслівы дзень з Монікай і з Тэдзі. Пад канец дня яна кладзецца спаць у апошні раз; Дэвід кладзецца поруч з ёй, заплюшчвае вочы і адпраўляецца «туды, дзе нараджаюцца мары». Робат-медзведзяня Тэдзі залазіць на ложак і глядзіць на Дэвіда і Моніку, якія засынаюць.
|
|
Акцёрскі склад «Штучнага розума» злева направа: Хэйлі Джоал Осмент, Джуд Лоу, Уільям Хёрт, Брэндан Глісан, Бен Кінгслі, Робін Уільямс, Мэрыл Стрып
|