Шчытні

Шчытні

Triops australiensis
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Notostraca G. O. Sars, 1867


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  83757
NCBI  63729
EOL  6925
FW  133207

Шчы́тні (Notostraca) — атрад шчэлепаногіх ракападобных.

Даўжыня цела з адросткам да 10 см, з шырокім дахападобным плоскім карапаксам — шчытком (адсюль назва), на якім спераду размешчана пара складаных (фасетчных) вачэй і няпарнае простае вочка. Цела складаецца з трох раздзелаў — галавы, грудзей і брушка. На галаве 5 пар, на грудзях да 70 пар грудных лістападобных ног, вонкавая частка якіх пераўтворана ў жабры. Мандыбулы буйныя і здольныя пераціраць ежу. Колькасць тулаўных сегментаў дасягае 40, але падзел тулава на грудзі і брушка выражаня не яўна. Пярэднія тулаўныя сегменты, якія нясуць канцаваіны, утвараюць грудзі. Усе сегменты, што папярэднічаюць 11-му, які з’яўляецца палавым, нясуць па адной пары прыдаткаў. Ззаду ў выніку зліцця грудных сегментаў утвараюцца кольцы, кожнае з якіх можа несці некалькі (да шасці) канцавін. Пазбаўлены прыдаткаў задні аддзел тулава ўяўляе сабой сегментаванае брушка, з адросткам (тэльсанам) і парай доўгіх ніткападобных прыдаткаў.

Вядомы з верхняга карбону, выкапнёвыя вельмі падобныя да сучасных. Адносяцца да адзінага сямейства Triopsidae з двума родамі Triops і Lepidurus. У сусветнай фаўне адрозніваецца прыкладна дзясятак сучасных відаў.

Пашыраны ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў зацішных прэсных часовых вадаёмах, дзе адсутнічаюць рыбы. На Беларусі ў веснавых снегавых лужынах, якія перасыхаюць, і часовых вадаёмах адзначаны 2 віды: шчыцень вясновы, або хвастаты (Lepidurus apus) і шчыцень звычайны (Triops cancriformis).

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Кормяцца дэтрытам, парасткамі водных раслін, дробнымі воднымі жывёламі. Пярэднія 9 пар грудных канцавін выкарыстоўваюцца для збору часцінак дэтрыта з дна, на якім шчытні, хоць яны і добрыя плыўцы, усё ж праводзяць большую частку часу.

Раздзельнаполыя, але самцы трапляюцца значна радзей за самак, таму размнажэнне пераважна партэнагенетычнае. Самкі выносяць яйцы ў яйцавых мяшках на 11-й пары грудных ног, адкладваюць іх на дно вадаёма, дзе яны зімуюць. Яйцы вельмі жыццяздольныя (да 15 гадоў пасля высыхання і прамярзання ажываюць), у некаторых відаў высыханне яец фактычна неабходнае для іх наступнага нармальнага развіцця. Лічынкі — наўпліусы. Развіццё з метамарфозай. Працягласць жыцця да 1 месяца.