Эканаметрыка, эканаметрыя — дапаможная эканамічная дысцыпліна, якая вывучае канкрэтныя колькасныя ўзаемасувязі эканамічных аб’ектаў і працэсаў з дапамогай матэматыка-статыстычных мадэляў.
Да эканаметрычных мадэляў належаць тыя эканоміка-матэматычныя мадэлі, якія дазваляюць праводзіць статыстычныя аперацыі. З прычыны таго, што за кожнай пераменнай у эканаметрычнай мадэлі стаіць пэўны статыстычны індыкатар, які з той ці іншай дакладнасцю вымярае нейкі бок гаспадарчага механізму, разлікі на базе гэтай мадэлі маюць высокую практычную каштоўнасць. Яны могуць быць выкарыстаныя пры выпрацоўцы эканамічнай палітыкі дзяржавы, рыначнай стратэгіі фірмы і вырашэнні іншых задач.
Вядучымі прадстаўнікамі і пачынальнікамі эканаметрыкі з’яўляюцца нобелеўскія лаўрэаты па эканоміцы Рагнар Фрыш, Ян Тынберген, Васіль Лявонцьеў. Мадэлі «выдаткі-выпуск» Лявонцьева, вынікі даследаванняў Фрыша і Тынбергена і іх паслядоўнікаў, вытворчая функцыя Коба-Дугласа і іншыя буйныя эканаметрычныя распрацоўкі склалі фундамент аб’ёмных макрамадэляў доўгатэрміновага і сярэднетэрміновага прагназавання.