Экзонім (ад грэч. ἔξω [экза] «па-за» + грэч. ὄνομα [онама] «імя») — назва краіны, народа і яго прадстаўнікоў або мовы, ужываная ў дачыненні да іх выключна замежнікамі. Паняцце адваротнае экзоніму — эндонім.
Напрыклад, назва "Германія" — беларускі экзонім, Allemagne — французскі. Эндонімам жа для гэтай краіны служыць нямецкае Deutschland.
Першым з двух паняццяў убачыў свет "эндонім". Адбылося гэта ў 1957 у тапанімічнай працы аўстралійскага географа Марселя Аўрасо (Marcel Aurousseau) «Паходжанне геаграфічных назваў» (1957). Неўзабаве ж нарадзіўся і адваротны тэрмін "экзонім".
Экзонімы могуць утварацца ад розных каранёў (Германія і Deutschland), узнікаць у выніку фанетычнай ці арфаграфічнай трансфармацыі эндоніма ў іншых мовах (так у англійскі London па-іспанску будзе Londres, па-галандску — Londen, па-фінску — Lontoo). Таксама з'яўляюцца экзонімы шляхам калькавання: так французская назва Нідэрландаў Pays-Bas атрымалася перакладам эндоніма Nederland, што азначае "нізінныя землі".
Вельмі часта ўрады дзяржаў, асабліва маладых, вітаюць ужыванне эндонімаў у дачыненні да іх па-за межамі краіны. Так афіцыйная Беларусь (ды і простыя грамадзяне) у ХХІ стагоддзі даволі беспаспяхова спрабуюць адвучыць Расію ад экзоніма Белоруссия[1]. А вось іншыя прыклады з гісторыі:
Беларускі ўрад і беларусы лічаць, што эндонім Беларусь мусіць ужывацца ва ўсіх мовах. Але дагэтуль большасць моваў свету аддае перавагу або калькам, або форме "Беларусія": дацкая форма Hviderusland, галандская Wit-Rusland, эстонская Valgevene, фарэрская Hvítarussland, фінская Valko-Venäjä, нямецкая Weißrussland, грэчаская Lefkorosía (Λευκορωσία), венгерская Fehéroroszország, ісландская Hvíta-Rússland, шведская Vitryssland, турэцкая Beyaz Rusya, кітайская 白俄罗斯 — усё літаральна 'Белая Русь'; або французская Biélorussie, італьянская Bielorussia, партугальская Bielorrússia, і іспанская Bielorrusia. Народ Беларусі працягвае змагацца за сваю праўду і, хоць гэта і няпроста, але ёсць надзея, што, як Шры-Ланка або Таіланд, з цягам часу даможацца свайго.