Электраэнергія (грэч. ἤλεκτρον + ἐνέργεια — бурштын + дзеянне) — энергія электрычнага току. Пераменны ток найбольш прыдатны для яе атрымання. Выпрацоўваецца на электрастанцыях. Перадаецца і размяркоўваецца між спажыўцамі з дапамогай ліній электраперадачы, падстанцый і размеркавальных электрычных сетак. У тэхніцы і побыце тэрмін пашыраны для вызначэння колькасці энергіі, якая аддаецца электрастанцыяй або атрымліваецца з электрасеткі спажыўцом. Адзінка вымярэння ў міжнароднай сістэме — джоўль. Пазасістэмная адзінка — кілават·гадзіна (3,6 млн джоўляў)[1].
За 2016 г. сусветная вытворчасць электраэнергіі склала 24 816,4 тэрават·гадзіна, з якіх найбольш вырабілі (56,3 %): Кітай — 6142,5 тэрават·гадзіна (24,8 %), ЗША — 4350,8 тэрават·гадзіна (17,3 %), Індыя — 1400,8 тэрават·гадзіна (5,6 %), Расія — 1087,1 тэрават·гадзіна (4,4 %) і Японія — 999,6 тэрават·гадзіна (4 %). У Беларусі вырабілі 33,1 тэрават·гадзіна (0,1%)[2].
25 лютага 2011 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 72 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн у Рэспубліцы Беларусь», паводле Дадатку 1 да якога Савет міністраў Рэспублікі Беларусь вызначае цэны на электразабеспячэнне (жылля) насельніцтва, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь (МАРГ Беларусі) — на электраэнергію ДВА «Белэнерга» для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў[3]. 17 кастрычніка 2011 г. Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1394 «Аб зацвярджэнні Правіл электраспажывання», паводле 237-га артыкула якіх: «Графік абмежавання содневага спажывання электрычнай энергіі пры нястачы паліва на генеравальных крыніцах мае прадугледжваць скарачэнне спажывання электрычнай энергіі на 25 % ад содневага выпуска электрычнай энергіі ўласным спажыўцам на дзень замеру ў снежні папярэдняга года з разбіўкай на 5 роўных чэргаў». Паводле 238-га артыкула, «Графік абмежавання спажывання электрычнай магутнасці выкарыстоўваецца пры нястачы электрычнай магутнасці ў энергасістэме і складаецца на велічыню 30 % ад спажывання электрычнай магутнасці ў гадзіны найбольшых нагрузак на дзень замеру ў снежні папярэдняга года з разбіўкай абмяжоўванай магутнасці на 10 роўных чэргаў»[4].
У 2012 годзе расцэнка на электраэнергію ў Беларусі складала 13,71 цэнта за 1 кілават·гадзіну, што было параўнальна з сярэднееўрапейскімі расцэнкамі для прамысловасці[5]. 30 снежня 2013 г. Савет міністраў Беларусі зацвердзіў Пастанову № 1166, паводле якой загадаў «Устанавіць для насельніцтва субсідаваныя дзяржавай: ... 1.2. расцэнкі на камунальныя паслугі ў наступных памерах: на электрычную энергію згодна з Дадаткам 2». 2-і пункт Пастановы загадваў у выпадку спажывання звыш нормаў, усталяваных аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, «Устанавіць для насельніцтва цэны на камунальныя паслугі, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне, згодна з Дадаткам 3»[6].
Год | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 | 2016 |
---|---|---|---|---|---|---|
Узровень | 37 % | 32 % | 53 % | 82 % | 75 % | 83 % |
За 2016 г. ДВА «Белэнерга» адпусціла 28466,98 млн кілават·гадзін электраэнергіі (2995 кВ·г на душу насельніцтва): 53,2 % прамысловасці; 24,3 % насельніцтву (жыллё); 14,8 % непрамысловым спажыўцам (вытворцам паслуг); 5,1 % сельскай гаспадарцы; 1 % гарадскому транспарту[8]. На 1 студзеня 2017 года ў Беларусі налічвалася 4 494 879 побытавых абанентаў электраэнергіі (47,3 % да насельніцтва Беларусі): 35 % у Мінскай вобласці і Мінску, 15 % у Гомельскай вобласці, 14 % у Брэсцкай, 13 % у Віцебскай, 12 % у Гродзенскай і 11 % у Магілёўскай вобласці[9]. 30 верасня 2016 г. МАРГ Беларусі Загадам № 95 ухваліла «Дэкларацыю аб узроўні расцэнак на электраэнергію, адпусканую РУПамі электраэнергетыкі ДВА "Белэнерга" для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў», паводле якой кілават-гадзіна стала каштаваць: прамысловым спажыўцам з далучанай магутнасцю ад 750 кілавольт·ампер — 19,728 капейкі (10,36 цэнта), прамысловым спажыўцам з меншай далучанай магутнасцю і гарадскому (электрыфікаванаму) транспарту — 25,197 капейкі (13,23 цэнта); бюджэтным установам — 26,345 капейкі (13,84 цэнта), іншым непрамысловым спажыўцам (вытворцам паслуг) — 30,858 капейкі (16,21 цэнта); сельскім гаспадаркам — 19,184 капейкі (10,08 цэнта)[10]. 24 жніўня 2017 года Савет міністраў Беларусі зацвердзіў Пастанову № 641, паводле якой з 1 верасня 2017 г. расцэнка на электраэнергію для жылля, абсталяванага электраплітой, склала 10,94 капейкі (5,6 цэнта) за кілават·гадзіну. Расцэнка паводле часу электраспажывання склала 21,89 капейкі (11,2 цэнта) за кілават·гадзіну з 17:00 да 22:00 (час найбольшых нагрузак на электрасетку) і 7,64 капейкі (3,9 цэнта) — з 22:00 да 17:00 (час найменшых нагрузак)[11].
{{cite news}}
: Невядомы параметр |выдавец=
ігнараваны (прапануецца |publisher=
) (даведка); Невядомы параметр |дата публікацыі=
ігнараваны (прапануецца |publication-date=
) (даведка)