Элітары́зм[1], таксама эліты́зм (фр.: élitisme, ад фр. elite — лепшае, адборнае, выбранае) — погляд, канцэпцыя, якая сцвярджае што людзі, якія ўтвараюць эліту (на падставе паходжання, уменняў, ведаў, маёмасці і інш.), з большай імавернасцю будуць канструктыўнымі для грамадства ў цэлым і таму заслугоўваюць большага ўплыву або аўтарытэту, чым іншыя[1][2]. Тэрмін элітарызм можа выкарыстоўвацца для апісання сітуацыі, калі ўлада сканцэнтравана ў руках абмежаванай колькасці людзей. Элітарызм супрацьстаўляюць эгалітарызму, антыінтэлектуалізм, папулізму і плюралізму, яго часта супрацьстаўляюць дэмакратычным канцэпцыям.
Элітарызм — гэта палітычны і этычны погляд, а не сцвярджэнне аб рэчаіснай ролі эліт. Тэорыя, якая аналізуе ролю эліт у палітыцы і грамадстве, называецца тэорыя эліт. Тэарэтыкі эліты разглядаюць плюралізм як утапічны ідэал.
Элітарызм цесна звязаны з сацыяльным класам і тым, што сацыёлагі называюць «сацыяльнай стратыфікацыяй». У сучасным заходнім грамадстве сацыяльная стратыфікацыя звычайна вызначаецца ў тэрмінах трох розных сацыяльных класаў: вышэйшага класа, сярэдняга класа і ніжэйшага (працоўнага) класа[3].
Некаторымі сінонімамі «эліты» могуць быць «вышэйшы клас» або «арыстакратыя», што паказвае на тое, што асоба, пра якую ідзе гаворка, мае адносна вялікую ступень кантролю над сродкамі вытворчасці грамадства. Гэта ўключае ў сябе тых, хто атрымаў падобную пасаду дзякуючы сацыяльна-эканамічным магчымасцям, а не асабістым дасягненням. Аднак гэтыя тэрміны ўводзяць у зман пры абмеркаванні элітарызму як палітычнай тэорыі, таму што яны часта асацыююцца з негатыўнымі «класавымі» канатацыямі і не дазваляюць прытрымлівацца больш бесстаронняга даследавання філасофіі[4].
Згодна гэтай канцэпцыі, адсутнасць працэса фармавання эліт — прызнак няразвітасці, застойнасці або дэградацыі грамадства.
Адным з увасабленняў ідэяў элітарызму на тэрыторыях Беларусі з’яўляўся сарматызм.
Існуе шмат відаў элітарыстычных поглядаў у залежнасці ад таго, якія асаблівасці лічацца адметнымі і якое значэнне ім надаецца. Многія з гэтых поглядаў шырока лічацца неэтычнымі, таму што адметныя рысы, якія яны прымаюць, не маюць дачынення і адвольна аддзяляюць грамадства[5]. Яны ўключаюць у сябе канцэпцыі, якія прызнаюць, што ключавой асаблівасцю, якая схіляе да ўлады або асаблівага месца ў грамадстве, з’яўляюцца, сярод іншага:
У дадатак да элітарызму, заснаванаму на адвольных прыкметах, існуе таксама элітарызм, які прызнае, што кожны чалавек мае патэнцыял для развіцця, які ён можа выкарыстаць. Тыя, хто прыкладае намаганні для развіцця, лічацца лепшымі за іншых і належаць да эліты, якая павінна лідзіраваць у грамадстве[6]. У залежнасці ад таго, што лічыцца вартым развіцця, адрозніваюць інтэлектуальны элітарызм (у дачыненні да інтэлекту ці, магчыма, цноты ў якасці вядучай рысы) і індывідуалістычны элітарызм (прызнанне волі ў якасці вядучай рысы). Іх аб’ядноўвае здагадка аб тым, што галоўным абавязкам чалавека з’яўляецца імкненне да самаразвіцця[7].
Інтэлектуальны элітарызм прызнае, што кожная чалавечая істота мае патэнцыял для развіцця маральных цнотаў, асабліва асабістай асветы. Толькі нямногія, аднак, працуюць над сваім характарам і дасягаюць вышынь маральнага развіцця[5]. Інтэлектуальны элітарызм быў ідэалам многіх антычных філосафаў. Аднак яны адрозніваліся ў тым, што яны лічылі цнотай (Areté), напрыклад, для Сакрата гэтым ідэалам быў пошук самапазнання, у той час як Арыстоцель або стоікі прынялі больш шырокую канцэпцыю цнотаў. Сёння такой формай элітарнасці з’яўляецца погляд, паводле якога ва ўладзе павінны быць людзі з лепшымі ведамі і навыкамі.
Індывідуалістычны элітарызм прызнае, што тое, што адрознівае членаў эліты ад астатняга грамадства, — гэта жаданне зарэкамендаваць сябе як асобную і ўнікальную асобу. Такі індывід сам задае сабе ўзоры паводзін, а не пераймае іх у натоўпу, які лічыцца другасным і бяздумным. Галоўным прадстаўніком такога элітарызму з’яўляецца Фрыдрых Ніцшэ[7].
Элітызм з’яўляецца часткай многіх палітычных дактрын, у прыватнасці, кансерватызму, рэспубліканізму, рамантызму і фашызму[8]. Ён супрацьстаіць эгалітарызму, погляду на тое, што людзі роўныя, і плюралізму, погляду на тое, што людзі розныя, але гэтыя адрозненні не вызначаюць, якія групы маюць большае права дамінаваць або панаваць над іншымі[9]. Элітарыстычныя погляды часцей за ўсё асацыююцца з дактрынамі, крытычнымі ў адносінах да дэмакратыі або адкрыта антыдэмакратычнымі[10].
Антыдэмакратычны характар мае, напрыклад, фашысцкая дактрына, якая дзеліць грамадства на тры групы: усемагутны лідар (фюрар або дучэ), уладная эліта, якая складаецца з ваяроў (якой у нацысцкай Германіі павінен быў быць СС), і падпарадкаваныя ім людзі[11]. Акрамя таго, фашысцкія дактрыны мелі расісцкі характар, падзяляючы народы на тых, якія павінны дамінаваць у свеце, і тых, якім наканавана падпарадкоўвацца. Вельмі расісцкая нацысцкая дактрына прызнавала некаторыя народы недалюдзьмі, якія павінны былі быць рабамі (напр., беларусы і іншыя славяне) або прызначанымі на знішчэнне (яўрэі, цыганы).
У сацыялагічнай тэорыі эліт элітарызм часта звязваюць з дэмакратычнымі поглядамі. Такія сацыёлагі, як Макс Вебер, Джозэф Шумпетэр і Чарльз Райт Мілс, адзначалі, што дэмакратыя — гэта сістэма, у якой эліты розных сацыяльных груп змагаюцца за ўладу[12]. Такім чынам, эліты неаднастайныя, і пазіцыя асобных адзінак ва ўладных структурах не гарантаваная.
Істотнай часткай позвы дня некаторых палітычных рухаў, асабліва папулісцкіх, з’яўляецца антыэлітарызм. Для папулістаў галоўны сацыяльны канфлікт — паміж народам (масамі) і пэўнымі элітамі, якія прысвоілі сабе ўладу[10].