Энцыклапе́дыя эспера́нта — энцыклапедыя пра мову і рух эсперанта, выдадзеная ў 1934 годзе будапешцкім выдавецтвам «Literatura Mondo» («Літаратурны свет»). На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў гэта кніга зрабілася найбольш поўным аглядным выданнем па гісторыі эсперанта і эсперанта-культуры, прыводзіла значную колькасць біяграфій эсперантыстаў з розных краін. Як крыніца па гісторыі эсперанта энцыклапедыя захоўвае актуальнасць. Нягледзячы на тое, што на назву «Энцыклапедыя эсперанта» прэтэндавала яшчэ некалькі выданняў, гэтая назва захавалася менавіта за будапешцкай энцыклапедыяй.
У 1913 годзе расійскі эсперантыст Пётр Стаян прапанаваў выдаць Сусветную Карткавую Энцыклапедыю (эспер.: Universala Slipa Enciklopedio, USE), якую, згодна з яго ідэяй, магчыма было выдаваць у выглядзе асобных картак для кожнай тэмы, а пазней — фарміраваць на аснове асобных картак цэласную падборку. Тым не менш, было выдадзена толькі пяць першых картак.
У 1917 годзе расійскі эсперантыст Уладзімір Шмурло выдаў у Петраградзе «Сусветную алфавітную адрасную кнігу „Ніць Арыядны“», аб якой ён пісаў, што гэта — «першая спроба [стварэння] энцыклапедыі эсперантызму»; яе зыходная версія, аднак, складалася з адных спасылак. Першыя 88 старонак былі выдадзены ў Рызе, выданню наступных старонак перашкодзіла вайна. Значнага ўплыву гэта выданне не мела.
«Энцыклапедыя эсперанта» была выдадзена будапешцкім выдавецтвам «Literatura Mondo» («Літаратурны свет») у другой палове 1934 года. Ініцыятарам яе стварэння быў рускі святар Іван Шыраеў (памёр у 1933 годзе). У стварэнні артыкулаў прынялі ўдзел больш за сотню аўтараў з розных краін свету (у тым ліку — з краін Усходу, Новага Свету і нават Афрыкі), якія прадстаўлялі самыя розныя ідэалагічныя плыні тагачаснай эсперанта-супольнасці. Галоўнымі рэдактарамі агульнай часткі былі венгерскія эсперантысты Лаяш Кокень і Вільмаш Блеер; артыкулы, прысвечаныя моўным пытанням, рэдагаваў венгерскі эсперантыст Кальман Калачаі, ужо тады вельмі вядомы як эсперантолаг. Энцыклапедыя ўтрымлівала ў цэлым 2,5 тысячы артыкулаў: пра вядомых эсперантыстаў (каля 1,5 тысяч), розныя значныя моманты гісторыі эсперанта і звесткі аб яго ўжыванні ў розных сферах і краінах на момант стварэння энцыклапедыі, а таксама аб розных элементах граматыкі і стылістыкі эсперанта. Каля 450 артыкулаў было прысвечана найбольш вядомым на той час арыгінальным і перакладным творам на эсперанта. Арыгінальнае выданне энцыклапедыі ўтрымлівала таксама некалькі соцень старонак з ілюстрацыямі. Выданне было добра ўспрынята эсперанта-грамадой і адыграла значную ролю ў яго жыцці і развіцці. У 1979 і 1986 гадах энцыклапедыя была стэрэатыпна, але без ілюстрацый перавыдадзена ў выглядзе аднаго тома дзякуючы намаганням Венгерскай эсперанта-асацыяцыі. У 2000-х гадах увесь матэрыял энцыклапедыі быў пераведзены ў электронную форму і выкладзены ў сеціва. Практычна ўсе артыкулы з энцыклапедыі паслужылі асновай для стварэння і развіцця адпаведных артыкулаў у Вікіпедыі на эсперанта. Нягледзячы на тое, што ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў планавалася стварэнне і выданне абноўленай энцыклапедыі эсперанта, гэтыя планы не былі рэалізаваны. Зараз ролю падобнай энцыклапедыі грае Вікіпедыя на эсперанта.