Эстраго́н[3], палын эстрагонавы, тархун (Artemisia dracunculus) — травяністая расліна сямейства астравых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы.
Шматгадовая карэнішчавая расліна з вострым і прыемным пахам з-за вялікай колькасці эфірнага алею. Сцёблы прамыя, вышынёй да 120 см. Лісце суцэльнае, лінейнае. Кветкавыя кошыкі светла-жоўтага колеру сабраныя ў мяцёлкавыя суквецці. Плод — сямянка. Маладыя парасткі і лісце мае ў сабе да 70 мг% аскарбінавай кіслаты, 6—8 мг% караціну, 170 мг% руціну, а таксама мінеральныя солі і фітанцыды.
У ежу спажываюць лісце і маладыя парасткі, а расліны, якія зацвілі — для засольвання. У народнай медыцыне ўжываюць як мачагонны і проціглісны сродак, пры лячэнні вадзянкі і цынгі.
Эстрагон — вельмі холадаўстойлівая расліна. Добра захоўваецца пад невялікім снежным покрывам пры −30 °C. Адрастае, як толькі сыдзе снег і адтае верхні слой глебы. Маладыя парасткі дасягаюць агародніннай спеласці ў сярэдзіне вясны. На адным месцы можа расці 8—15 гадоў, але як агароднінную расліну яго трэба вырошчваць на адным месцы не больш як 4 гады. Расце на розных глебах, умерана ўгноеных. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча, каранёвымі атожылкамі або чаранкамі з 3—4-гадовых раслін. Пры размнажэнні дзяленнем карэнішча стары куст рана вясной выкопваюць і дзеляць так, каб кожная частка мела 1—2 пупышкі з карэнішчам. Чаранкі высаджваюць у канцы лета з адлегласцю паміж радамі 50—60 см і паміж раслінамі 25—30 см (з разліку 5—6 раслін на 1 м²).
Штогод, пачынаючы з другога года, пераважна вясной, расліны падкормліваюць мінеральнымі ўгнаеннямі. У першы год эстрагон зразаюць бліжэй да восені, каб маладыя расліны лепш раслі, у наступныя гады — ад 4 да 6 разоў за перыяд вегетацыі, пакідаючы ніжнюю частку расліны вышынёй 10 см. Парасткі зразаюць вясной, калі яны дасягнуць вышыні 20—25 см. Прадукцыя лепшай якасці атрымліваецца з верхніх галінак. Хваробы і шкоднікі вялікай страты не наносяць. Часам у канцы лета парасткам і лісцю эстрагону шкодзіць іржа.
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 19. — 160 с. — 2 350 экз.
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара — Мн.: БелЭн, 1993.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 171. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Эстрагон // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь / Редкол.: В. К. Месяц (гл. ред.) и др.. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 614. — 656 с. — 100 000 экз. (руск.)
- Эстрагон: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)