Эстэрхазі

Герб Эстэрхазі
Герб Эстэрхазі

Э́стэрхазі ці Эстэргазі-Галанта (венг.: Esterházy de Galántha) — найбуйнейшыя прыватныя землеўладальнікі Венгрыі пры Габсбургах. Прыхільнасць гэтага роду з Галанты (цяпер у Славакіі) да кіруючага дому і каталіцтва ў XVII стагоддзі прывяла да хуткага ўзбагачэння. У 1626 г. імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі зрабіў іх графамі, а з 1712 г. глава роду насіў княжацкі тытул. У адрозненне ад іншых венгерскіх князёў-магнатаў (Бацьяні, Пальфі), Эстэрхазі былі медыятызаваны, гэта значыць лічыліся раўнароднымі еўрапейскім манархам.

Замак у Форхтэнштайне

Апроч галоўнай лініі, якая займала спачатку Форхтэнштайн, а потым — Айзенштат у межах сучаснай Аўстрыі (Бургенланд, аўстра-венгерскае памежжа), у XVII стагоддзі існавалі яшчэ дзве — Зволенская і Чэснекская. Сярод прадстаўнікоў роду — некалькі фельдмаршалаў, аўстрыйскі міністр замежных спраў, пасланцы пры пецярбургскім двары, баны Харватыі. Напачатку XIX стагоддзя Эстэрхазі, якія абвясцілі сваім продкам самога Атылу, якабы адхілілі прапанаваную ім Напалеонам венгерскую карону, аддаўшы перавагу медыятызацыі. З сучасных прадстаўнікоў роду найбольш вядомы пісьменнік Петэр Эстэрхазі.

Палацавы комплекс у Айзенштаце
Палац Эстэрхаза ў Ферцёдзе

Найбуйнейшымі культурнымі цэнтрамі Венгрыі XVIII стагоддзі былі палацава-паркавыя комплексы Эстэрхазі ў Айзенштаце і Ферцёдзе. У першым з іх у 1766—1790 гадах прыдворным кампазітарам і галоўным капельмайстарам служыў Іозеф Гайдн, а другі за пышнасць сваіх інтэр'ераў атрымаў мянушку «венгерскага Версаля». Мастацкі збор Эстэрхазі лёг у аснову Нацыянальнай галерэі ў Будапешце.

У блакітным поле дваранская карона, на якой стаіць залаты грыф, звернуты направа, з дваранскай каронай на галаве, і ў правай пярэдняй лапе трымае сярэбраную шаблю, а ў левай пярэдняй лапе зялёную галіну з трыма чырвонымі ружамі.