Якаб-Хедзь | |
---|---|
венг. Jakab-hegy | |
Найвышэйшы пункт | |
Абсалютная вышыня | 602 м |
Размяшчэнне | |
46°05′36″ пн. ш. 18°08′25″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Хрыбет ці масіў | Мечэк |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Якаб-Хедзь (Якабхедзь; венг.: Jakab-hegy — «гара Якава») — самая высокая гара заходняй часткі хрыбта Мечэк у Паўднёвай Венгрыі. Мае вышыню 602 м[1].
Гара размешчана на паўночным захадзе ад горада Печ. Яна ўзвышаецца над Сярэднедунайскай нізінай. Пры добрым надвор'і з гары Якаб-Хедзь магчыма ўбачыць Усходні Мечэк з 682-метровай вяршыняй Зенгё.
Гара ўзнікла ў палеазойскую эру і складзена пермскім пясчанікам[2]. У выніку дзейнасці эрозіі сфармавалісь некалькі скальных утварэнняў, у прыватнасці, «Бабаш Серкёвек» («Шэраг чалавекападобных камянёў») і «Жангоркё» («Камень Жангора»)[3].
На Якаб-Хедзь знаходзіцца адзінае буйное радовішча урану ў краіне. Здабыча пачалася ў 1950-х гадах пры савецкай падтрымцы. Ачышчаны уран выкарыстоўваўся з 1982 года і для эксплуатацыі атамнай электрастанцыі Пакш. З-за высокага кошту здабычы і падзення цэнаў пасля заканчэння Халоднай вайны шахты былі закрытыя ў 1990-х гадах[4].
Са старажытных часоў на гары сяліліся людзі. У часы жалезнага веку на гары быў пабудаваны буйны форт, які стаў важным опідумам і палітычным цэнтрам гальштацкай культуры і кельтаў. Пасля рымскага заваявання форт быў закінуты, але яго крапасныя валы яшчэ магчыма ўбачыць.
У часы сярэднявечча ў цэнтры закінутай крэпасці з'явілася невялікая вёска. Яе апекуном быў Святы Якаў. У 1225 годзе на гары быў заснаваны манастыр ордэна паулінаў, ён працягваў дзейнічаць да часоў турэцкай акупацыі Венгрыі. У 1736 годзе ён быў адбудаваны зноў, але ў 1828 годзе яго ліквідавалі і з таго часу ён стаіць закінутым. Да нашага часу захаваліся толькі руіны[5].