Ямдэна | |
---|---|
індан. Yamdena | |
![]() Вёска. Фота каля 1910 г. | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 2 981 км² |
Найвышэйшы пункт | 240 м |
Насельніцтва | 30 000 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 10,06 чал./км² |
Размяшчэнне | |
7°36′00″ пд. ш. 131°25′00″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Правінцыя | Малуку |
![]() |
Ямдэ́на (індан.: Yamdena) — самы вялікі па плошчы востраў архіпелага Танімбар у Ціхім акіяне. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 2 981 км. Насельніцтва — каля 30 000 чал.
Востраў Ямдэна месціцца ў заходняй частцы Ціхага акіяна ў 349 км ад Новай Гвінеі, у 356 км ад Аўстраліі, у 2 690 км ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход — 114 км. Найбольшая шырыня — 45 км.
Падобна іншым астравам Танімбар, Ямдэна ўяўляе паверхню падводнага плато, сфарміраванага гразевымі вулканамі і арганічнымі адкладаннямі. Паверхня плоская, з невысокімі ўзвышэннямі каля ўзбярэжжаў і нізінамі ў цэнтральнай частцы. Найвышэйшы пункт — 240 м. На Ямдэне шмат рэк і азёр.
Клімат трапічны мусонны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +27,2°C. З мая да лістапада цягнецца сухі сезон. У жніўні сярэдняя колькасць ападкаў паніжаецца да 49 мм. У астатнія месяцы вельмі вільготна. У студзені сярэдняя колькасць ападкаў дасягае 354 мм. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 2344 мм.
Значную частку вострава пакрываюць трапічныя лясы. Флора характэрная для паўднёвага меланезійскага рэгіёна з перавагай аўстралійскіх відаў. На Ямдэне шмат птушак, сярод якіх сустракаюцца рэдкія аўтахтонныя віды.
У 1971 г. урад Інданезіі стварыў на востраве запаведнік агульнай плошчай 72 000 га. Аднак з 1990-ых гг. вядзецца планавая здабыча драўніны, што выклікае незадаволенасць мясцовага насельніцтва.
Востраў быў населены аўстранезійцамі каля 2 - 3 тысяч гадоў таму. Тут сфарміравалася 5 асобных этнічных груп, кожная з якіх размаўляе на асобнай мове. Шырока распаўсюджаны мегалітычныя пабудовы ў форме марскіх суднаў. У XVII ст. востраў далучаны да галандскіх калоній. У першай палове XX ст. значная частка абарыгенаў прыняла хрысціянства. З 1950 г. у складзе Інданезіі.