Ян Зумбах | |
---|---|
польск.: Jan Eugeniusz Ludwig Zumbach | |
Дата нараджэння | 14 красавіка 1915 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 студзеня 1986 (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Грамадзянства | |
Род войскаў | ваенна-паветраныя сілы, найміты |
Званне | падпалкоўнік |
Камандаваў | No. 303 Polish Fighter Squadron[d] і 3rd Polish Fighter Wing[d] |
Бітвы/войны |
Другая сусветная вайна Кангалезскі крызіс Грамадзянская вайна ў Нігерыі |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ян Зумбах (польск.: Jan Zumbach; 14 красавіка 1915[заўв 1] — 3 студзеня 1986), таксама вядомы пад мянушкамі «Дональд Дак», «Ёхан»[1] і Джоні «Камікадзэ» Браўн[2] — польскі лётчык і найміт швейцарскага паходжання, удзельнік трох ваенных канфліктаў.
Быў унукам швейцарскага імігранта. Бацька меў падвойнае грамадзянства: польскае і швейцарскае. Маці паходзіла з ваколіц Плоцка, са старога памешчыцкага роду[3].
У 1922–1935 гадах сям’я Зумбаха пражывала ў Баброве каля Брадніцы (Паморскае ваяводства), дзе яго бацька набыў маёнтак. У 1935 годзе юнак скончыў у Плоцку гімназію імя маршалка Станіслава Малахоўскага. У 1936 годзе Зумбах пайшоў добраахвотнікам у ваенна-паветраныя сілы, куды трапіў праз мухлярства, бо ў войска маглі ісці людзі выключна з польскім грамадзянствам, а ён меў толькі швейцарскае.
У 1938 годзе скончыў авіяцыйнае кадэцкае вучылішча ў Дэмбліне, атрымаў званне лейтэнанта. Да Другой сусветнай вайны служыў у 111-й знішчальнай эскадрыллі. У маі 1939 года пры прызямленні самалёта сутыкнуўся з аўтамабілем тэхабслугоўвання. Падчас здарэння атрымаў траўмы і трапіў у шпіталь, затым праходзіў рэабілітацыю.
У хаосе пры нямецкім ўварванні не знайшоў сваю часць і 17 верасня прабіўся з Польшчы ў Румынію. Затым морам праз Бейрут дабраўся да Францыі.
У Францыі накіраваны ў польскі авіяцыйны навучальны цэнтр на базе Ліён-Брон. 13 мая 1940 года прызначаны ў авіяатрад пад камандаваннем маёра Краснадэмбскага ў складзе французскай эскадрыллі GCD I/55. Сутыкненні з праціўнікам былі рэдкімі, і Зумбах не дамогся там баявых поспехаў. У канцы французскай кампаніі пілот перанакіраваны ў атрад Скібы. 16 чэрвеня эвакуіраваўся ў Бардо, а затым 21 чэрвеня на караблі «Кмічыц» адправіўся ў Вялікабрытанію.
2 жніўня 1940 года залічаны ў 303-ю польскую знішчальную эскадрыллю, якая лётала на знішчальніках Hawker Hurricane Mk I. Падраздзяленне ўдзельнічала ў апошняй фазе бітвы за Брытанію. Тут, 7 верасня, Зумбах збіў свае першыя варожыя самалёты — два Dornier Do 17.
9 мая 1941 года пілот быў падбіты і здзейсніў вымушаную пасадку. У сакавіку 1942 года стаў камандзірам 303-й эскадрыллі. На гэтай пасадзе прабыў да снежня.
15 красавіка 1943 года стаў камандзірам 3-га польскага знішчальнага крыла. У гэты ж перыяд ён скончыў Вышэйшае авіяцыйнае вучылішча. З 4 жніўня 1944 года па 30 студзеня 1945 года камандаваў 133-м польскім знішчальным крылом. 30 студзеня 1945 года пераведзены ў 84-ю паляўнічую групу. 7 красавіка ўзяты ў кароткачасовы палон. Вызвалены 12 мая.
За гады вайны, паводле афіцыйных звестак, Зумбах збіў 13 самалётаў праціўніка. Яшчэ пяць паветраных перамог не былі пацверджаны[4].
У кастрычніку 1946 г. пакінуў вайсковую службу і пасяліўся ў Швейцарыі. На «грамадзянцы» Зумбах стаў суўладальнікам кампаніі аэратаксі, якая займалася кантрабанднай дзейнасцю[2].
У 1962 годзе далучыўся да катангскіх сепаратыстаў у былым Бельгійскім Конга. Узначальваў ВПС Катангі, арганізаваў закупку самалётаў, набраў замежных пілотаў і механікаў. Пасля паражэння сепаратыстаў збег у Анголу[5].
У 1967 годзе ўзначаліў ваенна-паветраныя сілы Біяфры ў Нігерыі. Зумбах асабіста ўдзельнічаў у рэйдах супраць федэральнай арміі. Так, напрыклад, кіруючы бамбардзіроўшчыкам A-26 Invader, ён пашкодзіў флагманскі ўрадавы фрэгат «Нігерыя»[6]. Падчас авіяўдару па аэрапорце Макурдзі ён забіў начальніка штаба нігерыйскіх войск. Пасля паражэння біяфрыйцаў пакінуў Афрыку[5].
Памёр пры нявысветленых абставінах 3 студзеня 1986 года ў Францыі, пахаваны ў Польшчы на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве (участак D 4 рад 3 м. 2)[7]. Французскія ўлады спынілі расследаванне яго смерці без указання прычын.