Па розных версіях Рустэм быў армянскага, грэчаскага або турэцкага паходжання.
Нарадзіўся ў Канстанцінопалі[4]. Дзесяцігадовым сіратой прывезены ў 1774 годзе князем Адамам Казімірам Чартарыйскім у Варшаву. На яго сродкі выхоўваўся і вучыўся выяўленчаму мастацтву спачатку ў Варшаве ў Яна Пятра Норбліна. У 1788—1790 гадах дапоўніў адукацыю ў Германіі, па вяртанні надалей вучыўся ў Норбліна, а таксама ў каралеўскага мастака Марчэла Бачарэлі. Надалей працаваў партрэтыстам і вучыў мастацтву сярод літоўскай шляхты. Так, у 1790 годзе працаваў мастаком у тэатрыМіхала Казіміра Агінскага ў Слоніме, дзе праектаваў дэкарацыі. У 1793-1798 гадах жыў у маёнтку Станіслава Солтана і Францішкі Тэафіліі з Радзівілаў Солтан у Дзятлаве[5]. У 1795-1796 гадах у Дзятлаве мастак ажаніўся з Ганнай з Кунертаў, там сама нарадзілася іх дачка Ганна-Францішка-Фларыяна[6].
З 1798 года пры кафедры жывапісу выкладаў у Галоўнай віленскай школе, у 1803 годзе ператворанай у Імператарскі Віленскі ўніверсітэт, спачатку ў якасці ад’юнкта на кафедры жывапісу пры прафесарыФранцішку Смуглевічы[4]. У 1800 годзе атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў і званне акадэміка. Пасля смерці Смуглевіча ў 1807 годзе Рустэм стаў прафесарам і загадваў Віленскай мастацкай школай пры ўніверсітэце[4]. Разам з графікам Джозэфам Саўндэрсам, рэфармаваў сістэму навучання, была ўведзена трохступенная школа рысунку, толькі пасля сканчэння якой наступаў выбар спецыялізацыі — жывапіс, гравюра ці скульптура. Сам выкладаў рысунак, а пазеней таксама жывапіс — ад 1811 года як надзвычайны прафесар, а з 1821 года як звычайны прафесар. З 1818 года, пасля ад’езду Саўндэрса, самастойна кіраваў усёй школай. Упершыню ўвёў у навучальны працэс працу з натуры[4].
Адам Шэмеш пакінуў наступныя ўспаміны пра навучальны працэс пад кіраўніцтвам Рустэма:
У гэты разнастайным натоўпе лёгка было распазнаць прафесара Рустэма, па яго выразнаму твару і галаве, пакрытай фескай. Ён з цяжкасцю праціскваўся паміж шчыльна застаўленымі сталамі і мальбертамі вучняў, упаўголас папраўляў іх працы. А ў залі панавала поўная цішыня, хоць там ніколі не было надзіральнікаў. Дастаткова было прысутнасці любімага і шанаванага прафесара[7].
Таксама ў 1803-07 гадах навучаў рысунку ў Віленскай гімназіі. Быў педагогам з паклікання, любіў сваіх вучняў і дбаў пра іх, здабываў стыпендыі і фінансавую дапамогу для бедных студэнтаў.
З 1810 года супрацоўнічаў з віленскім тэатрам, праектаваў дэкарацыі і касцюмы, удзельнічаў у падрыхтоўцы аматарскіх спектакляў.
У 1820 годзе арганізаваў першую ў Літве выстаўку выяўленчага мастацтва, на якой былі прадстаўлены работы яго вучняў.
Хоць у 1826 годзе выйшаў на пенсію, але выкладаў і надалей, ажно да закрыцця ўніверсітэта ў 1831 годзе.
У 1830 г. атрымаў ордэн святой Ганны 2-й ступені.
Яшчэ ў маладосці, падчас побыту ў Германіі, быў прыняты ў масоны, быў актыўным масонам, сябрам ложаў «Руплівы літвін» і «Добры пастар».
Апошнія гады жыцця, пасля закрыцця ўніверсітэта, жыў у маёнтку свайго сябры П’етра Пізані Пушкі пад Дукштамі, дзе і пахаваны.
Другой жонкай у 1826 годзе стала Ганна з Пучынскіх (1789—1868), удава Яна Зайдлера, уладальніка аптэкі «Пад лебедзем»[8]. Захаваліся прынамсі два яе партрэты пэндзлю Я. Рустэма. Адзін захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, а другі — у Літоўскім мастацкім музеі(руск.) (бел..
Рустэм быў перад усім партрэтыстам. У сваіх творах спалучаў прынцыпы класіцызму з пэўным сентыменталізмам і раннерамантычнымі тэндэнцыямі. Стварыў партрэты мяшчанства, віленскай інтэлігенцыі, прафесараў і студэнтаў універсітэта. Часцей за ўсё рабіў пагрудныя партрэты, асноўную ўвагу засяроджваў на глыбокай характарыстыцы асоб і выразе іх твараў.
«Партрэт Тадэвуша Касцюшкі» (каля 1794) — Нацыянальны музей у Варшаве. Мініяцюрны партрэт кіраўніка паўстання, якія ў незлічонай колькасці распаўсюджваліся ў тыя часы. Гэта мініяцюра адрозніваецца тым, што няма прыўзнятай шаблі, якая прысутнічала ў гравюры, што служыла ўзорам.
«Партрэт Антонія Тызенгаўза» — у прыватнай калекцыі. Пазнейшая копія невядомага вучня знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні. Таксама Рустэм стварыў партрэты Канстанціна і Рудольфа Тызенгаўзаў, у форме афіцэраў літоўскіх палкоў на баку Напалеона. Гэтыя партрэты захоўваліся ў калекцыі Пшаздзецкіх у Варшаве і загінулі падчас Другой сусветнай вайны, вядомыя толькі па фатаздымках.
«Партрэт Юзафа Кубліцкага» і «Партрэт Караліны з Солтанаў Кубліцкай» (каля 1805) — Нацыянальны музей у Варшаве. Юзаф Кубліцкі — завілейскі суддзя, пабраў шлюбам Караліну, дачку Станіслава Солтана, надворнага маршалка літоўскага.
«Партрэт Антонія Ваньковіча» і «Партрэт Ганны з Солтанаў Ваньковіч» (каля 1805) — Нацыянальны музей у Варшаве. Паходзяць з калекцыі Тышкевічаў у Чырвоным двары, пазней знаходзіліся ў Бенедыкта Тышкевіча ў Варшаве. Антоні Ваньковіч у 1807 годзе быў маршалкам шляхты ігуменскага павету, пазней — мінскага павету. Па ўваходзе войскаў Напалеона ў Мінск стаў членам часовай камісіі ўраду мінскай правінцыі і адным з наглядальнікаў шпіталя ў Мінску, дзе заразіўся тыфам і памёр разам з жонкай. Гэтыя два партрэты адносяцца да досыць рэдкіх у Рустэма поўнафарматных, утрымліваюць рэмінісцэнцыі з брытанскага жывапісу.
«Марыя Мірская, Адам Напалеон Мірскі і Барбара Шумская» (каля 1808) — Каралеўскі замак у Вавелі, партрэт знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і.. Партрэтаваныя, у антычных строях, сімвалізуюць музы і Купідона.
«Патрэт Тэафіліі з Германоўскіх Гуцэвіч» (каля 1809) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт жонкі славутага віленскага архітэктара.
«Аўтапартрэт з палітрай» (каля 1810) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Сярод шматлікіх аўтапартрэтаў Рустэма вырозніваецца самай класічнай кампазіцыяй, прастатой і памяроўнасцю ў рэпрэзентацыі.
«Партрэт Джозэфа Саўндэрса» (1810—1813) — Нацыянальны музей у Варшаве. Тут адлюстраваны калега па выкладанню ў Віленскім універсітэце, дзякую якому гравёрства было выведзена ў галоўныя спецыялізацыі мастацкай адукацыі. Гэта любімая форма для партрэта ў Рустэма, камерная пагрудная выява, без якіх-небудзь рэквізітаў, адрозніваецца свежасцю і мастацкай свабодай.
«Партрэт з Марыі з Зажыцкіх Дабковай» (1811) — Нацыянальны музей ва Уроцлаве. Вялікі рэпрэзентацыйны партрэт, зроблены паводле тагачаснай моды на антычнасць, мадэль адлюстраваная ў вобразе музы Эрата, апякункі любоўнай паэзіі.
«Партрэт Станіслава Солтана» (каля 1812) — Акруговы музей у Торуні. Станіслаў Солтан — быў адным з найбольш шанаваных віленскіх арыстакратаў. Маршалак надворны літоўскі, слонімскі стараста, Напалеонам быў прызначаны кіраўніком часовай Літоўскай нацыянальнай рады. Уяўляе сабою камерны варыянт афіцыйнага партрэта.
«Аўтапартрэт у фесцы» (пасля 1813) — Нацыянальны музей у Варшаве. Паводле ўспамінаў, мастак заўжды насіў феску, што мусіла нагадваць пра яго ўсходняе паходжанне. Таксама ёсць версія аўтапартрэта з фескай ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні.
«Партрэт Станіславы Мірскай» (каля 1815) — Нацыянальны музей у Варшаве, партрэт знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і. Станіслава Мірская была ўдавой Станіслава Войцеха Мірскага, пісара ВКЛ. У яе віленскай сядзібе і таксама маёнтку ў Завер’і часта гасцяваў мастак.
«Партрэт Яна Фрэдэрыка Нішкоўскага» (перад 1816) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Нішкоўскі быў не толькі папулярным у Вільні хірургам, але быў вядомы як чалавек цвёрдых маральных прынцыпаў.
«Партрэт Міхала Ромера» (1818-20) — Літоўскі нацыянальны музей, яшчэ адна версія гэтага партрэта захоўваецца ў Музеі польскага войска ў Варшаве. Быў створаны на замову масонскай ложы «Руплівы літвін» для ўшанавання свайго магістра. Лічыцца адным з лепшым партрэтаў Рустэма.
«Партрэт Юзафа Франка» і «Партрэт Крыстыны з Герхардаў Франк» (1819—1820) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Франк быў прафесарам медыцыны ў Віленскім універсітэце. Яго жонка, Крыстына Франк была таленавітай спявачкай і музычным педагогам.
«Партрэт Пятра Славінскага» (каля 1820) — Літоўскі нацыянальны музей. Астраном, прафесар Віленскага ўніверсітэта.
«Партрэт Міхала Длускага» (1820-21) — Архідыяцэзійны музей у Варшаве. Віленскі канонік, актыўны масон, быў намаляваны з масонскімі адзнакамі, пазней перамаляваны, што на доўгія гады прывяло да блытаніны ў ідэнтыфікацыі партрэтуемага.
«Партрэт Яна Гвальберта Рудаміны ў цюрбане» (1820-30) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Рудаміна паходзіў з вількамірскай шляхты, быў сакратаром віленскага дабрачыннага таварыства. Партрэт вырозніваецца рамантычным настроем.
«Партрэт Станіслава Баніфацыя Юндзіла» (1822) — Нацыянальны мастацкі музей імя Чурлёніса. Партрэт вядомага батаніка, прафесара Віленскаг ўніверсітэта.
«Партрэт Эдварда Яна Ромера» (1823-28) — Нацыянальны музей у Варшаве. Ромер быў адным з вучняў Рустэма, браў удзел у выставе 1820 г. Пазней прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-31 гг.
«Партрэт Яна Снядэцкага» (1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні, са збораў Антонія Тышкевіча. Снядецкі быў вядомым астрономам, прафесарам і рэктарам Віленскага ўніверсітэта. З серыі партрэтаў прафесуры Віленскага ўніверсітэта.
«Партрэт Мацвея Баранкевіча» (1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт вядомага ў Вільні лекара, зроблены ў традыцыйным пагрудным фармаце, адрозніваецца псіхалагізмам.
«Партрэт Алойзы Людвіка Капэлі» (каля 1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Па паходжанню італьняец, прафесар права Віленскага ўніверсітэта.
«Партрэт Барбары Шумскай» (каля 1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Натуральная поза мадэлі, пазбаўлены ідэалізацыі характар выявы сведчыць пра нарастанне рэалістычных тэндэнцый у мастака.
«Партрэт Антонія Ф’ярэнціні», «Партрэт Кацярыны з Навамейскіх Ф’ярэнціні», «Партрэт Тэклі з Сулоўскіх Ф’ярэнціні з унучкай» (перад 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Рустэм сябраваў з сямействам Антонія Ф’ярэнціні, італьянца па паходжанню, які трымаў у Вільні модную краму.
«Партрэт Пія Тышкевіча» (каля 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт лагойскага графа, бацькі Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў.
«Партрэт Ежы Райкоўскага» (каля 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Лекар Ежы Райкоўскі быў членам Віленскага таварыства дабрачыннасці, сучаснікі падкрэслівалі яго сціпласць і шчырае спачуванне бедным.
«Партрэт Марыі Ганны Равіч з сынам» (каля 1830) — Нацыянальны музей у Варшаве. Належыць да апошняй серыі партрэтаў прадстаўнікоў зямянства Міншчыны і Віленшчыны.
«Партрэт Медарда Коньчы» (1832) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэтаваны кіраваў паўстаннем 1831 года ў Вількамірскім павеце.
Марыя Мірская, Адам Напалеон Мірскі і Барбара Шумская (каля 1808)
↑ абвгдЛазука Б.А.Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 356-357. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
↑Jonas Rustemas — dailininkas ir pedagogas. Vilnius: Lietuvos dailes muzejus, 2013.