Ястрабок валасісты[4], ці Ястрэц[5][6] (Hieracium pilosella L. або Pilosella officinarum F. Schultz et Sch. Bip.) — від кветкавых травяністых раслін сямейства астравых. У Беларусі з’яўляецца відам прыроднай флоры, распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі.
Ястрабок валасісты — травяністая расліна з бязлістым сцяблом і доўгім тонкім карэнішчам. Парасткі (2—10) даўжынёй да 30 см, паўзучыя, аблісцелыя. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку, падоўжана-ланцэтнае, зверху шыза-зялёнае, знізу белалямцавае ад густога апушэння. Кветкі лімонна-жоўтыя, духмяныя, у адзіночных кошыках (дыяметрам да 2,5 см) на верхавінках сцяблоў (кветкавых стрэлак). Сямянкі даўжынёй да 2 мм, цёмна-карычневыя, чубок брудна-белы.
Цвіце ў траўні-ліпені. Сустракаецца ў сухіх месцах на ўскраінах светлых лясоў, пясчанай ці камяністай глебе, ускраінах марэн, ля дарог, канаў, на насыпах, высечках, паравых палях, пустазельнае, пагаршае пашы.
Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне як супрацьзапаленчае, вяжучае, жаўцегоннае, гемастатычнае пры ўнутраных крывацёках, дэтаксікацыйнае і раназагойваючае, сокагоннае пры паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку. Пры захворваннях печані, язвавай хваробе страўніка, дызентэрыі, сухотах лёгкіх, анеміі, асцыце, урэміі, мачакаменнай хваробе, малярыі, анарэксіі, шаленстве, гемералапіі. Адвар (вонкава) — пры скрафулёзе, кан’юктывіце, гінгівіце, паласканне — пры ангіне, кандыдознам стаматыце ў дзяцей; для прамывання ран і спрынцаванняў пры белях. Парашок — пры жаўтусе; вонкава — раназагойваючае. Сок, млечны сок — пры кан’юктывіце і для ўзмацнення зроку. У эксперыментах аказвае моцнае дыўрэтычнае дзеянне, спрыяе выдзяленню хлорыстых і азоцістых злучэнняў, не раздражняе нырачнага эпітэлія. Рэкамендавана для лячэння нефрыту, мачакаменнай хваробы, асцыту, інфільтратаў, дыхавіцы, гіпертрафіі міякарда, падагры, пнеўманіі, грыпу і яго ўскладненняў. Экстракт выяўляе антыбактэрыйную актыўнасць у дачыненні да ўзбуджальнікаў бруцэлёзу.