Вёска
| ||||||||||||||||||||||
Ясяноўка[2] (польск.: Jasionówka), традыцыйная беларуская назва Ясянёўка — вёска ў Польшчы, каля ракі Бярозаўкі. Цэнтр сельскай гміны Монькаўскага павета Падляскага ваяводства. Насельніцтва на 2015 год — 764 чалавекі. Знаходзіцца за 16 км на захад ад Монькаў, за 33 км ад Беластока.
Упершыню Ясянёўка ўпамінаецца ў XVI ст. Неўзабаве яна атрымала статус мястэчка. У 1553 годзе тут збудавалі першы касцёл.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Ясянёўка перайшла да Каралеўства Польскага.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Ясянёўка апынулася ў складзе Прусіі, з 1807 года — у складзе Расійскай імперыі, у Беластоцкім павеце Беластоцкай вобласці (з 1842 года ў Гродзенскай губерні). У 1897 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Ясянёўку занялі войскі Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ясянёўка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года вёска апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час тут было 29 жылых дамоў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года Ясянёўку акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа. У лістападзе 1939 года Ясянёўка ўвайшла ў склад БССР, у Беластоцкі раён Беластоцкай вобласці. З чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года вёска зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Германіі. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Ясянёўку Польскай Народнай Рэспубліцы.
У Ясянёўцы пахаваны Міхал Валовіч, удзельнік вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў.