Алькенікі лац. Alkieniki | |||||
лет. Valkininkai | |||||
Касьцёл Наведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1387 | ||||
Магдэбурскае права: | 26 чэрвеня 1792 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Аліцкі | ||||
Раён: | Аранскі | ||||
Вышыня: | 128 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 229 чал. (2011) | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-65063 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°21′30″ пн. ш. 24°50′30″ у. д. / 54.35833° пн. ш. 24.84167° у. д.Каардынаты: 54°21′30″ пн. ш. 24°50′30″ у. д. / 54.35833° пн. ш. 24.84167° у. д. | ||||
Алькенікі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Альке́нікі (лет. Valkininkai) — мястэчка ў Летуве, на рацэ Мерачанцы. Цэнтар староства Аранскага раёну Аліцкага павету. Насельніцтва на 2001 год — 238 чалавек. Знаходзяцца за 22 км на паўночны ўсход ад Аранаў і за 55 км на паўднёвы захад ад Вільні.
Алькенікі — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Троччыны, побач зь якім праходзіць паўночна-заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст.
Гэльгі, Эльга або Алька (Helgi, Elgo, Alko) — імя германскага паходжаньня[1][2][3].
Тлумачэньня тапоніму Алькенікі зь летувіскай мовы не існуе. Мяркуецца, што назва паселішча ўтварылася з дапамогай суфіксу -енік- ад уласнай назвы аднаго з урочышчаў[4].
Упершыню Алькенікі ўпамінаюцца ў пачатку XV стагодзьдзя, калі яны ўваходзілі ў склад Троцкага павету Троцкага ваяводзтва. У 1418 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў Алькенікі разам зь іншымі маёнткамі сваёй жонцы Ўльяне Гальшанскай.
З 1503 году Алькенікі ўпамінаюцца як цэнтар воласьці, пазьней — нягродавага староства. Каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца заснавала ў мястэчку касьцёл. У 1551 годзе тут заснавалі дзяржаўную пушкарню, якая працавала да сярэдзіны XVII стагодзьдзя.
У XVII стагодзьдзі ў Алькеніках было 136 дымоў, упамінаецца Руская вуліца, што сьведчыла пра наяўнасьць праваслаўнага насельніцтва[5]. У 1636 годзе мечнік літоўскі М. К. Халецкі заснаваў у Алькеніках кляштар францішканаў, дзе з 1765 году захоўваліся рэліквіі Сьвятога Баніфацыя. У 1700 годзе непадалёк ад мястэчка адбылася Алькеніцкая бітва.
З 1777 году ў Алькеніках дзеяла парафіяльная школа. У 1789 годзе тут было 112 дымоў. 26 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Алькенікам Магдэбурскае права і герб з выявай жоўтага льва на чырвоным фоне.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Алькенікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Троцкім павеце Віленскай губэрні. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар францішканаў, а касьцёл перабудавалі ў маскоўскім стылі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Алькенікі занялі войскі Нямецкай імпэрыі
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Алькенікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[6]. У 1920 годзе яны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Віленска-Троцкага павету Віленскага ваяводзтва.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году савецкія войскі занялі Алькенікі, а ўлады СССР перадалі мястэчка Летуве. У чэрвені 1941 — ліпені 1944 гаду Алькенікі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1990-я гады ўлады Летувы далучылі мястэчка да афіцыйнага этнаграфічнага рэгіёну Дзукія.
|