Андрэй Грамыка лац. Andrej Hramyka | |
Старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР | |
---|---|
2 ліпеня 1985 — 1 кастрычніка 1988 | |
Папярэднік: | Васіль Кузьняцоў |
Наступнік: | Міхаіл Гарбачоў |
Першы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР | |
24 сакавіка 1983 — 2 ліпеня 1985 | |
Прэм’ер-міністар: | Мікалай Ціханаў |
Міністар замежных справаў СССР | |
15 лютага 1957 — 2 ліпеня 1985 | |
Прэм’ер-міністар: |
Мікалай Булганін Мікіта Хрушчоў Аляксей Касыгін Мікалай Ціханаў |
Папярэднік: | Зьміцер Шапілаў |
Наступнік: | Эдуард Шэварнадзэ |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
5 (18) ліпеня 1909 |
Памёр: |
2 ліпеня 1989[1] (79 гадоў) |
Партыя: | КПСС (з 1931) |
Сужэнец: | Лідзія Грамыка[d] |
Дзеці: | Анатоль Грамыка[d] і Эмілія Грамыка[d] |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Андрэ́й Андрэ́евіч Грамы́ка (18 ліпеня [ст. ст. 5 ліпеня] 1909, вёска Старыя Грамыкі Сьвяцілавіцкага сельсавету Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці — 2 ліпеня 1989) — савецкі дзяржаўны дзяяч і дыплямат, старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага савету СССР (1985—1988). У 1944 годзе ўзначальваў дэлегацыю СССР на канфэрэнцыі ў Думбартан-Оксе (ЗША) па стварэньні ААН, падпісаў Статут ААН.
Паходзіў з шляхецкага роду, большая частка якога ў часы Расейскай імпэрыі была пераведзена ў падатныя станы. У афіцыйных біяграфіях пазначалася сялянскае паходжаньне і тое, што яго бацька быў селянінам, працаваўшым на заводзе. З 13 гадоў Андрэй хадзіў з бацькам на заработкі, часьцей на загатоўку і сплаў лесу. Пасьля заканчэньня 7-гадовай школы працягнуў адукацыю ў прафэсійнай тэхнічнай вучэльні і тэхнікуме ў Гомелі, затым — у Старабарысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (в. Старабарысаў Барысаўскага раёну Менскай вобласьці)[4].
У 1932 закончыў Менскі сельскагаспадарчы інстытут, паступіў у асьпірантуру.
У 1931 годзе ажаніўся, у 1932 нарадзіўся сын Анатоль, будучы вучоны.
У 1934 годзе групу асьпірантаў, сярод якіх быў і Грамыка, перавялі ў Маскву, ва Ўсесаюзны навукова-дасьледчы інстытут эканомікі сельскай гаспадаркі. Пасьля абароны ў 1936 годзе дысэртацыі кандыдата навук па праблемах эканомікі сельскай гаспадаркі Грамыка стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам, а потым — вучоным сакратаром Інстытута эканомікі Акадэміі навук СССР.
У 1939 годзе быў прыняты на службу ў Народны Камісарыят Замежных справаў СССР, на пасаду кіраўніка аддзелу краінаў Амэрыкі. У кастрычніку 1939 году накіраваны ў сталае прадстаўніцтва СССР у ЗША, раднікам.
У жніўні 1943 году 34-гадовы Грамыка стаўся амбасадарам СССР у Вашынгтоне; адначасова — пасланьнік СССР на Кубе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы канфэрэнцыяў у Ялце, Патсдаме, Думбартан-Оксе і Сан-Францыска, што зрабіла яго прыўчасным да фармаваньня пасьляваеннага сьветаўладзьдзя.
У 1946—1948 Грамыка — першы прадстаўнік СССР у ААН і адначасова намесьнік міністра замежных справаў СССР, у 1949—1952 і з сакавіка 1953 да лютага 1957 — першы намесьнік міністра замежных справаў СССР. У 1952—1953 — амбасадар СССР у Вялікабрытаніі.
Доктар эканамічных навук (1956).
У жніўні 1947 году часопіс «Time» пісаў: «Як сталы прадстаўнік Савецкага Саюзу ў Радзе Бясьпекі ААН, Грамыка робіць сваю работу на ўзроўні найвышэйшае кампэтэнтнасьці». На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містэр «Не») за своеасаблівы стыль вядзеньня перамоваў.
Быў удзельнікам, а потым — кіраўніком дэлегацыі на 22 сэсіях Генэральнае Асамблеі ААН.
15 лютага 1957 году быў прызначаны на пасаду міністра замежных справаў СССР, на якой служыў 28 гадоў — да 2 ліпеня 1985. На час яго службы трапілі самыя напружаныя часы «Халоднае вайны» — у прыватнасьці, Грамыка вёў савецка-амэрыканскія перамовы падчас Карыбскае крызы. Адначасова з 24 сакавіка 1983 па 2 ліпеня 1985 — 1-ы намесьнік Старшыні Савету Міністраў СССР.
Працаваў над дамоваю аб забароне выпрабаваньняў ядравае зброі ў атмасфэры, касьмічнай прасторы і пад вадой, што была падпісаная ў 1963 годзе, над актам аб ненападзе з Заходняю Нямеччынай і 4-баковым пагадненьнем аб Заходнім Бэрліне.
Посьпехам Грамыкі як дыплямата было прадухіленьне вайны паміж Індыяй і Пакістанам ў 1966 годзе з-за канфлікту вакол Кашміру. Заслугамі Грамыкі ў вялікай ступені можна лічыць падпісаньне Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравае зброі 1968 году і пагадненьняў са Злучанымі Штатамі 1972—1979 гадоў, асабліва Дамовы аб супрацьпаветранай абароне і Дамовы аб абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (ДАСНУ). Важнае значэньне маюць падпісаныя ў 1975 годзе Хэльсынскія пагадненьні.
У 1976 годзе дзяржаўны сакратар ЗША Сайрус Вэнс, што працаваў разам з Грамыкам над ДАСНУ, сказаў аб дыплямаце-беларусе: «…мала хто ў сучасным сьвеце можа быць параўнаны зь ім… у дыпляматыі ён скрупулёзны прафэсійны практык, гэта чалавек вялізных здольнасьцяў і высокага інтэлекту, што валодае ўсімі рысамі дзяржаўнага дзеяча». У 1970—1980-я гады многія на Захадзе гаварылі аб ім, як аб «дыплямаце нумар 1». Часопіс «Time» пісаў у 1981 годзе: «Ва ўзросьце 72 гадоў ён ёсьць адзін з самых актыўных і працаздольных сяброў савецкага кіраўніцтва. Чалавек з выдатнай памяцьцю, вострым розумам і надзвычайнай трываласьцю… Мажліва, Андрэй Андрэевіч ёсьць самым інфармаваным міністрам замежных справаў у сьвеце».
З 2 ліпеня 1985 па 1 кастрычніка 1988 — Старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР. Крытычна разглядаў «Перабудову» і палітыку М. Гарбачова. З кастрычніка 1988 — на пэнсіі. У 1946—1950 і 1958—1989 — дэпутат Вярхоўнага Савету СССР.
Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. У Гомелі А. Грамыку ўсталяваны бронзавы бюст.