Джон Дос Пасас

Джон Дос Пасас
John Dos Passos
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 студзеня 1896
Чыкага, ЗША
Памёр 28 верасьня 1970 (74 гады)
Балтымар, ЗША
Пахаваны
Бацькі Люсі Адысан Спрыг Дос Пасас[d][2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці ваенны карэспандэнт, сцэнарыст, навэліст, журналіст, пісьменьнік, маляр, паэт, перакладнік, драматург
Кірунак мадэрнізм
Жанр Страчанае пакаленьне
Мова ангельская мова[3]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
http://www.johndospassos.com

Джон Радэрыга Дос Пасас (па-ангельску: John Roderigo Dos Passоs; 14 студзеня 1896, Чыкага — 28 верасьня 1970, Балтымар) — амэрыканскі пісьменьнік партугальскага паходжаньня. Дзед пісьменьніка па бацьку, Мануэл Жаакім Душ Пасуш (па-партугальску: Manuel Joaquim Dos Passos), — выхадзец зь мястэчка Понта-ду-Сол (па-партугальску: Ponta do Sol) на востраве Мадэйра, які эміграваў да ЗША ў 1830 годзе.

Джон Дос Пасас нарадзіўся 14 студзеня 1896 году ў Чыкага ў сям’і пасьпяховага адваката. Скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт. У гады Першай сусьветнай вайны працаваў кіроўцам санітарнай машыны. Пісаць пачаў у ваенныя гады. Пасьля вайны шмат падарожнічаў па Эўропе ў якасьці карэспандэнта некалькіх амэрыканскіх газэт. У 1927 годзе адбылася падзея, якая істотна паўплывала на сьветапогляд Дос Пасаса, — пакараньне анархістаў Нікола Сака і Барталямэа Ванцэці. Дос Пасас перажыў душэўны крызіс, вынікам якога стала трылёгія «ЗША»: «42-я паралель» (1930), «1919» (1932) і «Вялікія грошы» (1936). Гэтая трылёгія — вяршыня творчасьці Дос Пасаса. З гадамі ён станавіўся ўсё больш кансэрватыўным у сваіх поглядах, і гэта не магло не адбіцца на яго творчасьці. Ў 1960-я гады кнігі Дос Пасаса яшчэ працягвалі выходзіць, але ні крытыкі, ні шырокая публіка іх практычна не заўважалі.

Лад жыцьця і дух XX стагодзьдзя найбольш поўна адлюстраваны ў рамане «Мангэтан» (Manhattan Transfer, 1935), які дасьледуе гарадзкое жыцьцё Нью-Ёрку, і ў трылёгіі «ЗША» (USA, 1930—1936) — «42-я паралель» (The 42nd Parallel, 1930), «1919» (Nineteen-Nineteen, 1931), «Вялікія грошы» (The Big Money, 1936), якая дае падрабязны агляд індустрыяльнай Амэрыкі за 1898—1929 гады. Трылёгія пазбаўленая сувязнай фабулы, гэта калейдаскоп эпізодаў з жыцьця найрозьнейшых пэрсанажаў, свайго роду зрэз амэрыканскага грамадзтва.

Раманы «Прыгоды маладога чалавека» (Adventures of а Young Man, 1939), «Першы нумар» (Number One, 1943) і «Вялікая задума» (The Grand Design, 1949) склалі другую трылёгію Дос Пасаса, якая выйшла ў 1952 годзе асобнай кнігай пад назвай «Акруга Калюмбія» (District of Columbia). Яму належаць яшчэ некалькі раманаў, у тым ліку «Як найлягчэй атрымаць посьпех» (Most Likely to Succeed, 1954) і «У сярэдзіне стагодзьдзя» (Midcentury, 1961), зборнік вершаў «Каляска на прывязі» (A Pushcart at the Curb, 1922); п’есы «Сьмяцяр» (The Garbage Man, 1926), «Авіякампанія» (Airways, Inc., 1929) і «На вышынях посьпеху» (Fortune Heights, 1934); кнігі падарожных нататак «Расінант зноў у дарозе» (Rossinante to the Road Again, 1922), «Усходні экспрэс» (Orient Express, 1927), «Ва ўсіх краях» (In All Countries, 1934), «З вайны на вайну» (Journey Between Wars, 1938); і два зборнікі сацыялягічных артыкулаў — «На чым мы стаім» (The Ground We Stand On, 1941) і «Стан краіны» (State of Nation, 1944). У ліку яго апошніх твораў — «Вайна містэра Ўілсана» (Mr. Wilson’s War, 1962) і «Лепшыя часы» (The Best Times, 1967).

З 1942 па 1945 год Дос Пасас працаваў журналістам, высьвятляючы падзеі Другой сусьветнай вайны. У 1947 годзе ён быў абраны сябрам Амэрыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры, і ў тым жа годзе ў аўтакатастрофе загінула ягоная жонка Кэтрын Сьміт, а сам ён асьлеп на адно вока. Іхны шлюб быў бязьдзетным, і пазьней (у 1949 годзе) Дос Пасас ажаніўся з Элізабэт Хемлін Холдрыдж (1909—1998), зь якой меў дачку Люсі Хемлін Дос Пасас (нар. у 1950).

Памёр Джон Дос Пасас у Балтымары 28 верасьня 1970 году.

  1. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  2. ^ Geni.com (мн.) — 2006.
  3. ^ Dos Passos, John, 1896-1970 // CONOR.SI