Жан-Люі-Эбэнэзэр Рэнье франц. Jean-Louis-Ébénézer Reynier | |
14 студзеня 1771 — 27 лютага 1814 | |
Месца нараджэньня | Лязана |
---|---|
Месца сьмерці | Парыж |
Прыналежнасьць | Францыя |
Званьне | генэрал |
Камандаваў | 7-ы корпус Вялікай арміі |
Бітвы/войны | Вайна першай кааліцыі Эгіпецкі паход Вайна чацьвёртай кааліцыі Вайна пятай кааліцыі Вайна на Пірэнэйскім паўвостраве Вайна 1812 году Вайна шостай кааліцыі |
Жан-Люі́-Эбэнэзэ́р Рэнье́ (па-француску: Jean-Louis-Ébénézer Reynier; 14 студзеня 1771, Лязана — 27 лютага 1814, Парыж) — францускі дывізійны генэрал, удзельнік Напалеонаўскіх войнаў, вайсковы міністар Нэапалітанскага каралеўства.
Нарадзіўся 14 студзеня 1771 году ў сям’і вядомага лекара. Захоплены рэвалюцыйным духам, які панаваў на той час у Францыі, Рэнье пайшоў на вайсковую службу і браў удзел у выправе на Шампань, пасьля якой трапіў у генэральны штаб. У 1795 году атрымаў чын брыгаднага генэрала, a ў 1796 прызначаны начальнікам штабу Рэйнскай арміі Маро. Адзначыўся ў шматлікіх бітвах: падчас пераходзе праз Райн, пад Біберахам, а асабліва ў славутым адыходзе Маро праз Шварцвальдскія горы; павышаны да званьня генэрала дывізіі.
У 1798 яму даручанае камандаваньне дывізіяй у арміі, накіраванай у Эгіпет; удзельнічаў у бітве пад пірамідамі. У Сырыйскай экспэдыцыі ягоная дывізія складала авангард; 9 лютага яна ўзяла прыступам Эль-Арыш, а 13 лютага захапіла вялікі транспарт жыцьцёва неабходных запасаў, накіраваны туды з Сэн-Шан д’Акра, і гэтым палегчыла забесьпячэньне харчаваньнем галоўнага францускага войска, якое прыбыло да Эль-Арыша цераз два дні.
Па вяртаньні ў Эгіпет Рэнье ў 1801 пад даводзтвам генэрала Мэну змагаўся супраць брытанскага ўварваньня. З прычыны рознагалосьсяў з галоўнакамандуючым ў ночы з 13 на 14 траўня 1801 Рэнье арыштаваны і накіраваны ва Францыю. Некалькі рокаў Рэнье жыў у адзіноце, прысьвяціўшы сябе навуцы.
Напрыканцы 1805 року яму даручанае камандаваньне дывізіяй у паходзе Жазэфа Банапарта ў Нэапалітанскае каралеўства. 24 лістапада 2-я дывізія Рэнье ўзяла ў палон 4400 аўстрыйскіх жаўнераў прынца Віктара Рогана пад Кастэльфранка Вэнэта[1]. 12 лютага 1806 Рэнье аблажыў цьвердзь Гаэту і ўзяў прыступам рэдут Сьв. Андрэя. Пазьней яму было даручанае здушэньне паўстаньня ў Калябрыі, дзякуючы чаму брат Напалеона быў абвешчаны каралём навастворанага каралеўства Нэапалю. Пасьля высадкі ў ліпені 1806 року ў Калябрыі 9-тысячнага войска ангельцаў і сыцылійцаў Рэнье атрымаў паразу і быў вымушаны пакінуць Калябрыю. Аднак у бітве пад Мілета ў 1807 вярнуў францускі кантроль над тэрыторыяй.
У кампаніі супраць Аўстрыі 1809 року Рэнье вызначыўся ў бітве пад Ваграмам, спыніўшы небясьпечную флянгавую атаку 6-га аўстрыйскага корпусу фон Кленаў[2]. Пасьля прыбыў у Вену і быў прызначаны начальнікам саксонскага корпусу замест маршала Бэрнадота.
У 1810 камандаваў 2-м корпусам Партугальскай арміі ў Гішпаніі. Браў удзел у бітве пад Бусакай 27 кастрычніка і некалькіх іншых удалых сутычках з супернікам. У 1811 Напалеон надаў яму тытул графа Імпэрыі.
У войску, сабраным супраць Расеі, Рэнье ўзначаліў 7-ы корпус, які складаўся з 20 000 саксонцаў і францускай дывізіі Дзюрута. Ягоным прызначэньнем было ўтрыманьне на скрайнім правым крыле, на Літве і Валыні, наступальных дзеяньняў расейскай 3-й Заходняй арміі пад даводзтвам генэрала Тармасава. Неўзабаве пасьля пачатку вайсковых дзеяньняў саксонская брыгада Кленгеля трапіла ў палон пад Кобрынем; Рэнье фарсіраваным маршам намагаўся падысьці на дапамогу Кленгелю, аднак спазьніўся і адышоў на Слонім. Пасьля гэтага Напалеон падпарадкаваў Рэнье аўстрыйскаму корпусу князя Шварцэнбэрга. Удваёх яны разьбілі Тармасава пад Гарадзечнай і падышлі да ракі Стыр; але калі ў верасьні папаўненьне адмірала Чычагова павялічыла расейскае войска да 60 000 чалавек, аўстрыйска-саксонскі корпус адышоў за Паўднёвы Буг. Увосені 1812 року генэрал Остэн-Сакен, пераняўшы даводзтва над расейскім войскам на Валыні, спыніў аўстрыйцаў у бітве пад Ваўкавыскам, пазбавіўшы Напалеона дапамогі з боку сьвежых сілаў, што ў значнай ступені паспрыяла канчатковай паразе французаў.
Адышоўшы да Варшавы разам з асноўнымі сіламі французаў, Шварцэнбэрг і Рэнье напрыканцы студзеня 1813 року падзяліліся: аўстрыйцы накіраваліся ў Галіцыю, 7-ы корпус Рэнье — да Калішу, дзе 13 лютага быў нагнаны корпусам генэрала Вінцынгеродэ і, атрымаўшы значныя страты, адышоў да Дрэздэну, а пасьля ў Парыж.
Па бітве пад Лютцэнам яму ізноў даручанае даводзтва над 7-м корпусам, зь якім ён прыбыў да Баўцэну напрыканцы бітвы і пасьля перасьледаваў хаўрусьнікаў да Райхенбаху.
Па сканчэньні Пойшвіцкага замірэньня Рэнье ўдзельнічаў у няўдалых бітвах пад Гросбэрэнам і Дэнявіцам. Маршал Нэй, галоўнакамандуючы ў апошняй зь іх, у данясеньні Напалеону вінаваціў у паразе войскі 7-га корпусу, асабліва саксонцаў, якія нібыта спазьніліся і біліся вяла; аднак гэтае абвінавачаньне апынулася несправядлівым.
У бітва пад Ляйпцыгам саксонцы перайшлі на бок хаўрусьнікаў, а Рэнье трапіў у палон. Пасьля абмену ён накіраваўся ў Парыж, дзе сканаў 27 лютага 1814 з прычыны хваробы.
Імя Рэнье выбітае на Трыюмфальнай арцы ў Парыжы.
Жан-Люі-Эбэнэзэр Рэнье — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў