Кастусь Акула лац. Kastuś Akuła | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Ігнатавіч Качан |
Нарадзіўся | 16 лістапада 1925 в. Верацеі, Докшыцкі раён |
Памёр | 29 студзеня 2008 Таронта, Канада |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, вайсковы і грамадзкі дзяяч |
Жанр | проза, паэзія, успаміны |
Мовы | беларуская, ангельская |
Значныя творы | раманы «Змагарныя дарогі» (1962) і «Заўтра ёсьць учора» (анг., 1968), трылёгія «Гараватка» |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org |
Кастусь Акула, сапраўднае імя: Аляксандар Ігнатавіч Качан (16 лістапада 1925, в. Верацеі, Докшыцкі раён — 29 студзеня 2008, Таронта, Канада) — беларускі грамадзкі дзеяч эміграцыі, пісьменьнік.
Бацькі — Ігнат і Паўліна — мелі, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей і да 12 гектараў ворнай зямлі[1].
Падчас нямецкай акупацыі навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Падчас адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязьніцы і месяцам канцлягеру[1]. Скончыў курсы настаўнікаў ў Глыбокім[2].
У чэрвені 1944 паступіў у Менскую школу камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны (БКА). Са школаю адступіў на Захад, пасьля далучэньня да нямецкіх вайсковых адзінак трапіў у Францыю. Там зь іншымі беларусамі перайшоў да партызанаў-макісаў, ваяваў супраць немцаў. Пасьля ў складзе брытанскай арміі (польскі корпус генэрала Андэрса) ваяваў у Італіі. Узнагароджаны брытанскім «Мэдалём вайны» й італійскай «Залатой зоркай».
Пасьля вайны служыў у брытанскім войску[2]. Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію, пасьля чагопрыехаў ў Ангельшчыну[3]. У 1946—1947 гг. жыў у Англіі. Браў удзел у стварэньні Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. У чэрвені 1947 г. пераехаў у Канаду, напачатку жыў у горадзе Ашава, быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынём. Потым пераехаў у Таронта, належаў да ЗБК, адзін з актывістаў парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, належаў да лягеру прыхільнікаў Рады БНР.
Працаваў у беларускіх нядзельных школах, спрычыніўся да заснаваньня Беларускай касы самадапамогі, рэсорту «Слуцак» у Канадзе[2].
Заснаваў першае ў Паўночнай Амэрыцы выданьне на беларускай мове ‑ газэту «Беларускі эмігрант» (1948‑1954), у 1974‑1997 гг. выдаваў часопіс «Зважай».
Падчас сусьветнай выставы ЭКСПО-69 у Манрэалі Кастусь Акула правёў акцыю супраць савецкага ўціску ў Беларусі. Калі памочнік Касыгіна — Палянскі рабіў агляд ганаровай варты, з боку сэкцыі прэсы пачулася «Freedom for Belarus! Няхай жыве незалежная Беларусь!» і ў гору паляцелі сотні брашур. Акула быў затрыманы паліцыяй[1][2].
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, у 1992 годзе наведаў бацькаўшчыну[1].
Прыватны архіў захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.[4]
Першыя вершы надрукаваў падчас Другой сусьветнай вайны ў «Беларускай газэце» і «Голасе вёскі» (пад сапраўдным імем і псэўданімам Міхась Козыр). На чужыне ён працягнуў сваю літаратурную дзейнасьць, друкаваўся ў газэце «Бацькаўшчына» і ў іншых беларускіх выданьнях на эміграцыі.
Бацька Акулы быў арыштаваны й загінуў у 1951 годзе ў вязьніцы пад Барысавам[2]. Супраць Кастуся ў БССР друкаваліся адкрытыя лісты беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, выходзілі памфлеты і фэльетоны, яго называлі «агент ЦРУ» «платны вызвольнік Беларусі» і «шалёны антысаветчык». Пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1995 годзе яго кнігі зьніклі з кнігарняў.