Радэрык фон Эркерт | |
Roderich von Erckert | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 15 сьнежня 1821[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Кульм, Заходняя Прусія, Нямецкая імпэрыя |
Дата сьмерці | 12 сьнежня 1900[1][2] (78 гадоў) |
Месца сьмерці | Бэрлін, Нямецкая імпэрыя |
Занятак | антраполяг, мовазнавец, этнограф, картограф, афіцэр, military writer, этноляг, вайсковец |
Навуковая сфэра | картаграфія, этнаграфія, фальклярыстыка |
Сябра ў | Расейскае геаграфічнае таварыства |
Радэрык фон Эркерт, Р. фон Эркерт, Р. д’Эркерт (нар. 15 сьнежня 1821 Кульм; † 12 сьнежня 1900 Бэрлін) — нямецкі этнограф, картограф і афіцэр расейскай арміі. Займаўся этнаграфіяй Беларусі.
Нарадзіўся ў Кульме (сучасны Хэлмна), атрымаў адукацыю ваеннага географа, паступіў афіцэрам на расейскую службу, дзе стаў сапраўдным сябрам Расейскага геаграфічнага таварыства. Аўтар нарысаў па гісторыі і этнаграфіі заходніх губэрняў Расеі (у тым ліку і беларускіх) і Каўказу, складальнік этнаграфічных мапаў і краніялягічных табліц, удзельнік складаньня манумэнтальнай працы «Этнаграфічнае апісаньне народаў Расеі», якая выйшла у 1857 годзе пад рэдакцыяй Густава-Тэадора Паўлі. У кнізе «Мовы каўкаскай расы» апублікаваў першыя ў эўрапейскім мовазнаўстве матэрыялы па некаторых дагестанскіх мовах, у тым ліку па цахурскай і карацінскай.
Намаляваў шэраг мапаў заходніх губэрняў і Царства Польскага. Займаўся дасьледваньнем палякаў на ўсім абшары Расейскай імпэрыі, ужо пазьней заняўся дасьледваньнем Каўказу і каўкаскіх нацыянальнасьцяў.
Сапраўднай зьявай і ў навуковым, і ў грамадзкім жыцьці стала дасьледчая праца Радэрыка фон Эркерта, якая складалася зь дзьвюх частак[3]. Першая — «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губэрняў Расеі» — уключала аргумэнты і высновы аўтара наконт этнічнай, моўнай і канфэсійнай сытуацыі, гістарычны агляд разьвіцьця тэрыторыяў заходніх губэрняў, этнасацыяльную характарыстыку насельніцтва і інш.; другая — «Этнаграфічны атляс заходне-расейскіх губэрняў і суседніх абласьцей» — зьмяшчала этнічныя мапы засяленьня тэрыторыі заходніх губэрняў Расеі[3].
Эркерт даследаваў паняцьце этнічнай прыналежнасьці і гаворыць аб тым, што ад нараджэньня чалавек не належыць да той або іншай народнасьці, да таго або іншага веравызнаньня, тым самым падыходзячы да крытэру самасьвядомасьці як галоўнага ў вызначэньні этнічнай прыналежнасьці[3]. Р. фон Эркерт вылучаў веравызнаньне і мову як два галоўныя крытэры вызначэньня этнічнай прыналежнасьці і адзначаў, што на тэрыторыі заходніх губэрняў Расейскай імпэрыі веравызнаньне часьцей акрэсьлівае этнічную прыналежнасьць, чым мова: «каталік, які гаворыць на беларускай або маларускай мове, ня толькі ў вачох усіх жыхароў праваслаўнага і каталіцкага веравызнаньня — паляк, але і сам лічыць сябе... палякам»[3]. Эркерт заўважаў высокую ступень зьмешваньня насельніцтва і складанасьць вызначэньня межаў расьсяленьня пэўных этнасаў і этнічных групаў: «...цяжка правесьці мяжу паміж расейскім і польскім насельніцтвам...»[3].
Р. фон Эркерт прасочваў асаблівасьці гістарычнага, палітычнага і культурнага разьвіцьця беларускіх зямель, вызначаў розныя сацыяльныя функцыі моваў, якімі карысталіся на гэтай тэрыторыі: «...пры пагадненьнях і пратэстах паміж расейцамі і палякамі аказалася нават неабходным выкарыстоўваць лацінскую мову» (другая палова XV ст.); «...польская мова ўжо на завяршэньні XVII, а асабліва ў пачатку XVIII ст., зрабілася мовай справаводзтва ў Літве і маларускіх правінцыях»[3].
Значная частка працы Эркерта прысьвечаная выдзяленьню, тлумачэньню і прычынам распаўсюджаньня этнонімаў, саманазваў насельніцтва заходніх губэрняў Расеі: «У Віцебскай, Магілёўскай і ўсходняй частцы Менскай губэрні выраз «беларус» для вызначэньня народнасьці, і «беларускі» для вызначэньня мовы, нікому не вядомы»[3]. Эркерт зьвяртаў ўвагу на тое, што сваю мову простае насельніцтва называе «простай», а сябе — рускімі, ліцьвінамі ці нават «сялянамі»[3]. Сяляне, у сваю чаргу, проціпастаўляюцца польскім дваранам, ці шляхце[3]. Разглядаў Эркерт і пытаньні этнасацыяльнай характарыстыкі насельніцтва разгледжаных тэрыторыяў і зрабіў выснову, што паміж элітай грамадзтва (шляхтай) і простым народам не было сувязнога зьвяна, і яго месца ў якасьці саслоўя мяшчанаў заняло габрэйскае насельніцтва[3].