Станіслаў Бараньчак | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 лістапада 1946[1][2][3] |
Памёр | 26 сьнежня 2014[1][2] (68 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Зоф’я Бараньчак[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладнік, пісьменьнік, літаратурны крытык, прафэсар унівэрсытэту, прафсаюзны дзяяч, крытык |
Мова | польская мова[5] |
Узнагароды | |
Станіслаў Бараньчак (па-польску: Stanisław Barańczak; 13 лістапада 1946, Познань — 26 сьнежня 2014, Ньютанвіль) — польскі паэт, літаратураны крытык, перакладчык.
Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Познані. У 1965 годзе пасьля заканчэньня ліцэя паступіў на аддзяленьне паляністыкі Унівэрсытэта імя Адама Міцкевіча. Падчас навучаньня кіраваў студэнцкім тэатрам Восьмага Дня, быў сябрам літаратурнай суполкі «Спробы» (Próby, 1964—1968).
У 1968 годзе стаў навуковым супрацоўнікам катэдры тэорыі літаратуры Інстытута польскай філялёгіі. У 1973 абараніў дысэртацыю, прысьвечаную творчасьці Мірона Бялашэўскага.
У 1976 годзе выступіў адным з заснавальнікаў Камітэта абароны рабочых — арганізацыі, якая адыграла значную ролю ў барацьбе з таталітарызмам. У лютым 1977 на заказным судовым працэсе Станіслаў Бараньчак, абвінавачаны ў хабарніцтве, быў асуджаны на адзін год пазбаўленьня волі ўмоўна, звольнены з працы і афіцыйна пазбаўлены права друкавацца. Пасьля суда выкладаў у падпольным Лятучым унівэрсытэце, створаным, каб распаўсюджваць свабодныя ад цэнзуры гуманітарныя веды. З 1980 году — актыўны дзеяч Салідарнасці.
У сакавіку 1981 году выехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі чытаць лекцыі пра польскую літаратуру. Пасьля ўвядзеньня вайсковага стану застаецца ў Амэрыцы. Выкладаў славістыку ў Гарвардзкім унівэрсытэце. Жыў ў Ньютанвілі, штат Масачусэтс.
Дэбютаваў у 1965 годзе ў штомесячніку «Одра» (Odra). Першая паэтычная кніга Станіслава Бараньчака «Карэкцыя твару» (Korekta twarzy) выйшла ў 1968 годзе і стала адным з маніфэстаў Пакаленьня’68 — Новай Хвалі (Nowa Fala). Прадстаўнік лінгвістычнага крыла Новай Хвалі, Станіслаў Бараньчак засяроджвае ўвагу на праблеме ісьціны ў таталітарным грамадзтве, зьвязанай з функцыянаваньнем мовы як інструмэнта маніпуляваньня калектыўнай сьвядомасьцю. На яго думку, задача паэзіі заключаецца ў выкрыцьці сфальсыфікаванай газэтнай рэчаіснасьці і фармаваньні ў чытача новай сьвядомасьці, заснаванай на самастойным мысьленьні (Parę przypuszczeń na temat poezji współczesnej, 1970).
Станіслаў Бараньчак — аўтар манаграфій, прысьвечаных польскай паэзіі другой паловы ХХ стагодзьдзя: «Іронія і гармонія. Нарысы пра найноўшую польскую літаратуру» (Ironia i harmonia. Szkice o najnowszej literaturze polskiej, 1973), «Недаверлівыя і саманадзейныя: Рамантызм і клясыцызм ў маладой паэзіі шасьцідзясятых гадоў» (Nieufni i zadufani. Romantyzm i klasycyzm w młodej poezji lat sześćdziesiątych, 1972), «Этыка і паэтыка» (Etyka i poetyka, 1979), «Недзеяздольны чытач. Пераконваньне ў масавай літаратурнай культуры ПНР» (Czytelnik ubezwłasnowolniony. Perswazje w masowej kulturze literackiej PRL, 1983), «Уцякач з Утопіі. Пра паэзію Зьбігнева Гэрбэрта» (Uciekinier z Utopii. O poezji Zbigniewa Herberta, 1984), — а таксама дасьледаваньня тэорыі і практыкі паэтычнага перакладу — «Уратаванае пры перакладзе: нарысы пра майстэрню перакладчыка паэзіі з дадаткам малой анталёгіі праблемных перакладаў» (Ocalone w tłumaczeniu: szkice o warsztacie tłumacza poezji z dodatkiem małej antologii przekładów-problemów, 2004).
Перакладчык твораў Уільяма Шэксьпіра, Джона Дона, Джорджа Гэрбэрта, Эмілі Дыкінсан, Элізабэт Бішап, Джона Кітса, Шэймаса Гіні, Робэрта Фроста, Томаса Стэрнза Эліёта, Уістана Х’ю Одэна, Томаса Гардзі, Дылана Томаса, укладальнік чатырох анталёгій паэзіі: «Анталёгія ангельскай мэтафізычнай паэзіі XVII стагодзьдзя» (Antologia angielskiej poezji metafizycznej XVII stulecia, 1991), «Каханьне — гэта ўсё, што існуе: 300 найвядомейшых ангельскіх і амэрыканскіх мілосных вершаў» (Miłość jest wszystkim, co istnieje: 300 najsławniejszych angielskich i amerykańskich wierszy miłosnych, 1992), «З Табой — значыць з Усім: 222 шэдэўры ангельскай і амэрыканскай рэлігійнай лірыкі» (Z Tobą więc ze Wszystkim: 222 arcydzieła angielskiej i amerykańskiej liryki religijnej, 1992), «Ад Уолта Уітмэна да Боба Дылана: анталёгія амэрыканскай паэзіі» (Od Walta Whitmana do Boba Dylana — antologia poezji amerykańskiej, 1998) «Фіялетавая карова: анталёгія ангельскай і амэрыканскай несур’ёзнай паэзіі» (Fioletowa krowa: antologia angielskiej i amerykańskiej poezji niepoważnej, 2007).