Урал | ||||||
Поўная назва |
па-беларуску: Урал (Екацярынбург) па-татарску: Уралмаш па-татарску: Урал па-татарску: Машиностроител | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1930 | |||||
Горад | Екацярынбург, Расея | |||||
Стадыён |
Цэнтральны Умяшчальнасьць: 27 000 | |||||
Прэзыдэнт | Грыгоры Іваноў[d] | |||||
Кіраўнік | Сьвярдлоўская вобласьць | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Першая ліга | |||||
· 2023—2024 | Прэм’ер-ліга, 14 месца (паніжэньне) | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы fc-ural.ru (рас.) (анг.) |
«Урал» (па-расейску: Урал) — расейскі футбольны клюб з гораду Екацярынбург. Заснаваны ў 1930 годзе. Адзін з найстарэйшых футбольных клюбаў Расеі, які мае гісторыю з моманту заснаваньня каманды «Машынабудаўнік» пры Ўральскім заводзе цяжкага машынабудаваньня, затым неаднаразова зьмяняў сваю назву.
Датай заснаваньня клюбу лічыцца 1930 год, аднак згодна з публікацыямі «Ўральскага працоўнага» вынікае, што ўралмашбудаўнікі стварылі першую футбольную каманду яшчэ ў 1927 годзе, калі толькі ўзводзіліся корпусы будучага заводу. Тады ж каманда дэбютавала ў восеньскім першынстве Сьвярдлоўску пад назвай «Машынабудаўнік». Дэбют каманды ў турнірах СССР адбыўся на Кубку СССР па футболе 1938 году. Тады клюб вылецеў на стадыі 1/128 фіналу, атрымаўшы паразу паводле сумы двух матчаў краснаўральскай камандзе «Калярмэт». Дэбют у чэмпіянаце СССР датуецца 1947 годам. У гэтым сэзоне сьвярдлоўскі клюб «Авангард» заняў у другой групе 9 месца з 10 магчымых. Каманда працягвала ўдзельнічаць у другой групе чэмпіянату СССР, прапусціўшы з прычыны рэзкага скарачэньня колькасьці камандаў у розыгрышы сэзоны 1950, 1951 і 1952 гадоў.
У сэзоне 1953 году адбылося вяртаньне клюбу ў першынство краіны. Пачынаючы з гэтага часу, каманда пачала прагрэсаваць і з кожным сэзонам набліжацца да найвышэйшай прыступкі лігі. У 1959 годзе «Машынабудаўнік» заняў другое месца ў 6 зоне клясы «Б». Праз два гады ён атрымаў канчатковую назву «Ўралмаш» і паўтарыў посьпех, а ў сэзоне 1962 году каманда заняла першае месца ў сваёй зоне. У фінале «Уралмаш» заняў трэцяе месца, што не дазволіла клюбу прайсьці на павышэньне ў клясе. Аднак у 1963 годзе Фэдэрацыя футболу СССР прыняла рашэньне павялічыць лік камандаў клясы «А» да 38, падзяліўшы клясу на дзьве групы. Дадзенае рашэньне спрыяла выхаду клюбу ў другую групу клясы «А». У другой групе клясы «А» каманда правяла шэсьць сэзонаў, завяршыўшы сэзон 1968 году на першым месцы.
Сэзон 1969 году клюб правёў у вышэйшай лізе чэмпіянату СССР, аднак заняўшы апошні радок, зноўку вярнуўся ў дывізіён ніжэй. Гэта быў першы і апошні ўдзел сьвярдлоўскага клюбу ў элітным савецкім футбольным дывізіёне. У далейшым клюб выступаў у другім і трэцім дывізіёнах савецкага першынства. У 1976 годзе быў зафіксаваны адзін з рэкордаў выніковасьці ў гісторыі «Ўралмашу». У рамках другой лігі СССР чыцінскі «Лякаматыў» прыехаў у Сьвярдлоўск, маючы ў сваім складзе толькі 10 футбалістаў. Матч скончыўся перамогай футбалістаў Сьвярдлоўска зь лікам 9:0.
Пасьля распаду СССР клюбу выдалася магчымасьць выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Расеі. У ёй «Уралмаш» правёў пяць сэзонаў з 1992 па 1996 гады, а найлепшым дасягненьнем за гэты час было восьмае месца ў 1993 і 1995 гадох. У 1996 годзе клюб страціў магчымасьць выступаць у эліце і апусьціўся ў першую лігу. На наступны сэзон клюб апусьціўся яшчэ ніжэй — у другую лігу.