International Business Machines Corporation (NYSE: IBM) ці IBM — амэрыканская транснацыянальная тэхналягічная і кансалтынгавая карпарацыя з штаб-кватэрай у Арманку, Нью-Ёрк, ЗША. IBM распрацоўвае і робіць разнастайную кампутарную тэхніку і апраграмаваньне. Апроч таго, IBM аказвае інфраструктурныя, хостынгавыя і кансалтынгавыя паслугі ў абласьцёх ад мэйнфрэймаўскіх кампутараў да нанатэхналёгіяў.[9] На сьнежань 2011 году IBM была 3-й найбуйнешай публічнай тэхналягічнай кампаніяй у сьвеце паводле рынкавай капіталізацыі.[10][11]
Кампанія была заснаваная ў 1911 годзе як Computing Tabulating Recording Corporation празь зьліцьцё трох кампаніяў: Tabulating Machine Company, International Time Recording Company і Computing Scale Corporation.[12] Назву International Business Machines кампанія атрымала ў 1924 годзе ад уласнай даччынай кампаніі ў Канадзе і, пазьней, Паўднёвай Амэрыцы. За ўнікальную карпаратыўную культуру і брэндынг кампанія атрымала мянушку Big Blue (ад ангельскага «Сіні волат»).
IBM мае найбольшую колькасьць патэнтаў сярод тэхналягічных кампаніяў ЗША. Па ўсім сьвеце разьмешчана 9 дасьледчых лябараторыяў.[13] Супрацоўнікі кампаніі 5 разоў былі ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі, чатыры разы атрымлівалі Прэмію Т’юрынга, 9 разоў — Нацыянальны мэдаль у вобласьці тэхналёгіяў і інавацыяў, і 5 разоў — Нацыянальны навуковы мэдаль.[14] Сярод вынаходніцтваў IBM: банкамат, дыскета, цьвёрды дыск, картка з магнітнай паласой, рэляцыйная база зьвестак, Universal Product Code, фінансавы своп, кампутарная сыстэма SABRE, DRAM, сыстэма штучнага інтэлекту Watson і іншыя.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |