Wargaming | |
Тып | Таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Дэвіз | Давайце змагацца |
Заснаваная | 2 жніўня 1998 (26 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Віктар Кіслы |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Нікасія (Кіпр) |
Ключавыя фігуры | Віктар Кіслы (CEO)[1] |
Галіна | індустрыя відэагульняў |
Прадукцыя | кампутарныя гульні |
Абарачэньне | ▼$367 млн (2017) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲$35 млн (1-я пал. 2013) |
Лік супрацоўнікаў | >4500 (2019)[2] |
Даччыныя кампаніі | «Гейм Стрым» (Менск, Беларусь; 90%), «Ўоргеймінг Сіетл»(en) (ЗША), «Ўоргеймінг Чыкага-Балтымор»(en) (ЗША) |
Wargaming (бел. Ўоргеймінг) — прыватная кампанія-распрацоўнік стратэгічных гульняў, заснаваная ў 1998 року. Аддзяленьні кампаніі дзейнічаюць у Беларусі, Украіне, ЗША, Расеі, Аўстраліі, Фінляндыі, Чэхіі.
На 2016 г. «Ўоргеймінг» меў 15 сядзібаў у 10 краінах —
2 жніўня 1998 г. студэнт фізычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віктар Кіслы (нар. 1976; Менск, Беларуская ССР) разам з 4 аднакурсьнікамі заснаваў прадпрыемства «Гейм Стрым» (анг. game stream — гульнявы паток). У сакавіку 2000 г. выпусьцілі он-лайн-выданьне ангельскай гульні «Аб войнах Старажытнасьці»(en) (АВС; лац. DBA, De Bellis Antiquitatis)[4].
Пры канцы 2000 г. у падразьдзяленьні «Адамантыюм» распрацавалі банэрны(en) аптымізатар «Рэклямны рэвальвэр» (анг. AdRevolver)[5], які 22 лістапада 2004 г. прадалі амэрыканскаму прадпрыемству «БлюЛітыюм»(en) (Сан-Хасэ, штат Каліфорнія).
22 верасьня 2003 г. пад маркай «Ўоргеймінг» выпусьцілі па-ангельску гульню «Масіўны штурм»(en) (анг. Massive Assault), у працяг якой штогод у 2004—2006 гг. выпускалі новыя выданьні гульні. 22 жніўня 2007 г. адбыўся выхад на расейскай мове гульні «Заселены востраў: Пасьляслоўе»(ru) паводле аднайменнай аповесьці расейскіх пісьменьнікаў-братоў Аркадзя і Барыса Стругацкіх «Заселены востраў»(ru) 1969 году.
4 лістапада 2007 г. «Ўоргеймінг» набыла незалежную студыю кампутарных гульняў «Arise» (Менск), павялічыўшы свой штат да 800 супрацоўнікаў. Іхні супольны расейскамоўны праект «Апэрацыя Багратыён»(ru), выпушчаны 20 красавіка 2008, атрымаў узнагароду «Найлепшай стратэгічнай гульні» КРГ-2008.
3 сакавіка 2008 г. Віктар Кіслы ў Лёндане (Ангельшчына) зарэгістраваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Ўоргеймінг», якому перадалі правы на будучыя гульні «Ваенны парадак»(en) 2009 г. і «Сьвет танкаў»(en) 2010 году. 9 верасьня 2009 г. выпусьцілі гульню «Ваенны парадак», паводле пагадненьня зь японскім прадпрыемствам «Квадрат-Энікс»(ja) (Токіё) ад 16 красавіка 2009 году. 12 жніўня 2010 г. выпусьцілі он-лайн-гульню «Сьвет танкаў».
На 15 сьнежня 2010 г. прадпрыемства мела звыш 200 супрацоўнікаў. На 1 сьнежня 2011 г. прадпрыемства наймала 360 супрацоўнікаў. У ліпені 2011 г. было адкрытае эўрапейскае прадстаўніцтва ў Парыжы (Францыя), якое ўзначаліў колішні выканаўчы дырэктар эўрапейскага аддзяленьня Blizzard Entertainment Фрэдэрык Мэну (франц. Frédéric Menou). 26 ліпеня 2011 на Кіпры была заснаваная кампанія Wargaming Public Co. Ltd (Нікасія).
7 жніўня 2012 г. «Ўоргеймінг» набыў аўстралійскага вытворцу гульнявога рухавічка «Біг Ўорлд»(en) (Сыднэй; анг. big world — вялікі сьвет) за $45 млн[6]. У сьнежні 2012 г. набылі амэрыканскую студыю «Дзень 1»(en) (Чыкага, штат Іліной; анг. Day 1 Studios) за $20 млн[7]. 14 лютага 2013 году Wargaming.net набыла студыю Gas Powered Games, стваральніцу такіх праектаў, як Supreme Commander, Dungeon Siege і Demigod; цяпер студыя мае назву «Wargaming Seattle».
На красавік 2013 г. уласьнікамі акцыяў «Ўоргеймінг» былі Віктар Кіслы (38,5%), яго бацька Ўладзімер Кіслы (25,5%), супрацоўнікі Мікалай Кацалапаў (17%) і Іван Міхневіч (17%)[8]. На 18 жніўня 2013 г. «Ўоргеймінг» налічваў звыш 2000 супрацоўнікаў, у тым ліку ў выніку адкрыцьця цягам 2012 г. новых падразьдзяленьняў у Сынгапуры, Японіі (студзень) і Паўднёвай Карэі (Сэул, жнівень). На 22 жніўня 1600 (80%) супрацоўнікаў знаходзіліся ў Беларусі[9].
1 лістапада 2013 г. па-ангельску выйшла гульня «Сьвет баявых самалётаў» (анг. World of Warplanes), што прыцягнула звыш 4,5 млн гульцоў. На 27 сьнежня «Сьвет танкаў» налічваў звыш 80 млн улічаных гульцоў, «Ўоргеймінг» наймаў звыш 2800 адмыслоўцаў.
На 17 сакавіка 2014 г. прадпрыемства мела звыш 3000 супрацоўнікаў[10]. За 2014 г. выручка «Ўоргеймінг» склала $505 млн. У 2015 г. з больш як 100 млн карыстальнікаў гульнявых рахункаў «Ўоргеймінг» плацілі каля 25% гульцоў у сярэднім па $25 за месяц[11].
17 верасьня 2015 г. выпусьцілі гульню «Сьвет баявых караблёў» (анг. World of Warships), беларускі саматужны пераклад якой зьявіўся 12 лістапада дзякуючы моладзевай творчай грамадзе (МТГ) «Рэзэрвацыя» з удзелам 4 перакладнікаў, у тым ліку Аляксандра Шумскага з Барысава (Менская вобласьць) і Сяржука Ўшава. Адначасна 12 лістапада МТГ «Рэзэрвацыя» выпусьціла пераклад гульні «Сьвет танкаў», што налічвала ў Беларусі 100 тыс. гульцоў[12]. На 17 лютага 2016 г. у 16-павярховай сядзібе ў Менску (прасп. Партызанскі, д. 178/2; даччынае ТАА «Гейм Стрым») працавалі каля 2000 адмыслоўцаў[13].
Гэты разьдзел ўтрымлівае застарэлыя зьвесткі.
|
Рок выхаду | Назва | Жанр | Ацэнкі |
---|---|---|---|
2000 | DBA Online | Пакрокавая стратэгія | |
2003 | Massive Assault | Пакрокавая стратэгія | 80,11%[14], 77[15] |
2004 | Massive Assault Network | Пакрокавая стратэгія | 78,15%[16], 74[17] |
2005 | Massive Assault: Domination | Пакрокавая стратэгія | 69,61%[18], 69[19] |
2006 | Massive Assault Network 2 | Пакрокавая стратэгія | 76,00%[20], 72[21] |
2007 | Galactic Assault: Prisoner of Power | Пакрокавая стратэгія | 69,47%[22], 68[23] |
2009 | Order of War | Стратэгія ў рэальным часе | 71,67%[24], 69[25][26][27] |
2010 | Order of War: Challenge | Стратэгія ў рэальным часе | 72,50%[28], 70[29] |
2010 (Расея) 2011 (Эўропа, Паўночная Амэрыка, Кітай) 2012 (Паўднёва-Ўсходняя Азія, Віетнам, Паўднёвая Карэя) |
World of Tanks | Масавая шматкарыстальніцкая онлайнавая гульня | 82,15%[30], 80[31] |
25 верасьня 2013 (СНД)
12 лістапада 2013[32] (Паўночная Амэрыка, Эўропа) |
World of Warplanes | Масавая шматкарыстальніцкая он-лайнавая гульня | |
2014 | World of Tanks: Xbox 360 Edition | Шматкарыстальніцкі он-лайнавы баявік | |
2014 | World of Tanks Blitz | Шматкарыстальніцкі он-лайнавы баявік | |
2015 | World of Warships | Шматкарыстальніцкі он-лайнавы баявік | |
2015 | World of Tanks: Xbox One Edition | Шматкарыстальніцкі он-лайнавы баявік | |
2015 | World of Tanks Generals | Пакрокавая калекцыйная картачная гульня | |
2016 | Smash Squad | ||
2016 | Master of Orion: Conquer the Stars | Пакрокавая стратэгія | |
2016 | Hybrid Wars | Стралялка з выглядам зьверху | |
2018 | World of Warships Blitz | Шматкарыстальніцкі он-лайнавы баявік | |
2019 | Pagan Online | Ролевая гульня-заруба | |
2019 | World of Warships Xbox One і PlayStation 4 | Шматкарыстальніцкі он-лайнавы баявік |