Ісраэль Шохат

Ісраэль Шохат
Дата нараджэньня 30 студзеня 1886(1886-01-30)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 7 ліпеня 1961(1961-07-07) (75 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак публіцыст, палітык
Сябра ў Ваад Леумі[d]

Ісраэль Шохат (па-габрэйску: ישראל שוחט; 1886, Лыскаў, Гарадзенская губэрня — 1961, Тэль Авіў, Ізраіль) — жыдоўскі сіяніст, заснавальнік Бар-Гіёры і Ха-Шамэру, дзьвюх папярэдніц Узброеных сілаў Ізраілю.

Нарадзіўся ў заможнай сям’і земляўласьніка Дова Шохата і Таўбы Гаркаві. Зь юнацтва браў удзел у сіянісцкім сацыялістычным руху. У Горадні стаў адным з заснавальнікам аддзелу Паалей-Цыёну, а пасьля Кішынёўскага пагрому арганізаваў жыдоўскую самаабарону[1].

Адукацыю атрымаў у Варшаўскай камэрцыйнай вучэльні і ў сельскагаспадарчай школе ў Кале. З 1904 пачаў вывучэньне аграноміі ў Нямеччыне, але ўжо праз тры месяцы разам з братам Эліэзэрам(d) зьехаў у Палестыну. Працаваў на палёх і ў садох Пэтах-Тыквы, пасьля пераехаў у Рышон-ле-Цыён, дзе пазнаёміўся з Аляксандрам Зайдам.

Пераехаўшы ў Ерусалім, працаваў чысьцільшчыкам абутку пры Яфскай браме, пасьля з прычыны благога здароўя пакінуў фізычную працу і стаў памочнікам Ісраэля Белкінда. У 1906 сабраў падпольную групу, у якую набіраў людзей з новапрыбылых у Яфу аліянтаў. Сярод іх ён сустрэў 20-гадовага Давыда Бэн-Гурыёна, а пазьней дабіўся ягонага абраньня старшынём мясцовай філіі Паалей-Цыёну.

У 1907 року Ісраэль Шохат з Іцхакам Бэн-Цьві сталі дэлегатамі VIII Сусьветнага сіянісцкага кангрэсу ў Гаазе, па вяртаньні адкуль заснавалі «Бар-Гіёру» — падпольную ваенізаваную арганізацыю, накіраваную на збройнае змаганьне дзеля стварэньня жыдоўскай дзяржавы.

У траўні 1908 року ажаніўся з Маняй Вільбушэвіч, і ў верасьні сям’я пераехала ў Сэжэру, дзе заняліся падрыхтоўкай баевікоў. Тут у іх нарадзіўся першынец Гідэон. У наступным годзе Ісраэль Шохат пераўтварыў арганізацыю ў «Ха-Шамэр», асноўнай задачай якой было стварэньне і бясьпека новых аддаленых калёніяў у Палестыне. Аднак ейнае заснаваньне супала з сканчэньнем Другой аліі, калі колькасьць эмігрантаў стала перавышаць колькасьць прыбылых. Перакананы, што дарога да незалежнасьці ізраільскай дзяржавы ляжыць у рэвалюцыі младатуркаў, Ісраэль і Маня Шохаты зьехалі ў Стамбул, дзе Ісраэль пачаў вывучаў права ва ўнівэрсытэце.

У 1914 року Асманская імпэрыя ўступіла ў I сусьветную вайну. Турэцкія ўлады зь недаверам ставіліся да палестынскіх жыдоў, асабліва з расейскімі нацыяналістычнымі поглядамі; калі ў Шохатаў знайшлі зброю, падрыхтаваную для «Ха-Шамэру», іх дэпартавалі ў анаталійскае места Бурсу. Тут у 1916 року ў іх нарадзілася дачка Ганна.

У 1919 року Шохаты вярнуліся ў Палестыну, дзе абодва ўступілі ў працоўную партыю Давыда Бэн-Гурыёна Ахдут-ха-Авода. Ісраэль сьпярша працаваў на зямлі ў Кфар-Гіладзі, займаўся адвакацкай практыкай, пасьля заняўся стварэньнем Працоўнага батальёну і арганізацыяй абароны Галілеі. У часе бунтаў 1921 року Ісраэль Шохат браў актыўны ўдзел у абароне Тэль-Авіву і Яфы.

У 1921—1926 роках уваходзіў у склад Жыдоўскай нацыянальнай рады. Браў удзел у стварэньні спартовага таварыства «Хапаэль». У 1930-х, пасьля працяглага канфлікту з Усеагульнай арганізацыяй працоўных Ізраілю, сышоў з палітыкі.

Пасьля стварэньня Ізраільскай дзяржавы стаў юрыдычным дарадцам Міністэрства паліцыі.

Памёр у 1961 року, пахаваны ў Кфар-Гіладзі побач з жонкай.

  1. ^  Teveth, Shabtai Ben-Gurion. The Burning Ground. 1886—1948. — Houghton Mifflin, 1987. — С. 45. — ISBN 0-395-35409-9